Беларуская Рада культуры запускае чарговы магістрат для падтрымкі падлеткавага клуба

Культура
Фўта: mahistrat.byculture.org

Пасля паспяховага гуртавання больш як 300 чалавек вакол аднаўлення выдавецтва Андрэя Янушкевіча «Кнігаўка» Беларуская Рада культуры прапануе беларусам аб’яднацца ў супольнасць, якая цягам 9 месяцаў будзе падтрымліваць падлеткавы клуб развіцця і культуры Spadčyna ва Уроцлаве.

Клуб стварылі тры месяцы таму, каб дзеці беларускіх эмігрантаў выхоўваліся на беларускай мове і ў беларускім кантэксце. За гэты час ён сабраў 55 удзельнікаў векам 8–16 гадоў, чацвярых куратараў і ўвёў у працу 7 відаў дзейнасці. Паводле арганізатараў, дзякуючы супольным заняткам у Spadčyna дзеці сапраўды пераходзяць на беларускую мову зносінаў.

Клуб мае запыт на тое, каб пашырыць колькасць удзельнікаў да 70 і запрасіць яшчэ двух куратараў, але на гэта пакуль не стае рэсурсаў.

«Беларуская мова, гісторыя і традыцыі стаяць у Spadčyna на першым месцы, – кажа заснавальніца клубу Настасся Сасыкбаева. – Мы абавязаныя даць іх нашым дзецям, якія аказаліся ў вымушанай эміграцыі. Дзецям таксама баліць за Беларусь, не варта думаць, што яны нічога не разумеюць. Большасць з удзельнікаў нашага клубу разважае, што атрымае адукацыю і досвед за мяжой і вернецца ў Беларусь будаваць незалежную дэмакратычную краіну. А для гэтага трэба ведаць свае мову і гісторыю – ва Уроцлаве яны могуць атрымаць гэта толькі ў адным месцы».

Матэрыялы для заняткаў рыхтуюцца выключна на беларускай мове, куратары размаўляюць з дзецьмі таксама толькі па-беларуску. У клубе дзеці разам робяць хатнія заданні, наведваюць тэатральныя заняткі і майстар-класы побытавых танцаў, ходзяць на экскурсіі, вывучаюць гісторыю Беларусі, чытаюць беларускія літаратурныя творы, глядзяць фільмы і мультфільмы на беларускай мове, спрабуюць розныя віды гульняў, размоўныя і дыскусійныя клубы. На лета арганізатары плануюць імпрэзы на адкрытым паветры: пікнікі, турыстычныя злёты, спартакіяды, роварныя марафоны ды іншыя спартовыя забавы.

«Клуб Spadčyna зусім малады, але яго стваральнікі маюць досвед працы з дзецьмі, яны дакладна ведаюць, што трэба рабіць, і самае галоўнае – яны захопленыя сваёй справаю, – тлумачыць выбар ініцыятывы кіраўнік праекта “Беларускія магістраты” Цімафей Акудовіч. – Ужо цяпер дасягненні клубу ўражваюць: больш за 50 дзяцей, рознафарматныя імпрэзы, актыўная супраца з іншымі арганізацыямі. Падтрымка беларускай грамадскасці дасць гэтай ініцыятыве шанц вырасці ў вялікую дзейсную прастору для выхавання і творчага росту беларускіх дзяцей ва Уроцлаве».

Каб дапамагчы Spadčyna дасягнуць жаданага маштабу, трэба сабраць не менш за 100 чальцоў супольнасці, гатовых штомесяц ахвяроўваць невялікія сумы грошай. Далучыцца да магістрату проста: дастаткова падпісацца на адзін з прапанаваных тарыфаў – 45 злотых (≈ $ 10), 90 злотых (≈ $ 20) альбо 140 злотых ($ ≈ 30) на выбар удзельніка праз плацежную сістэму Stripe. Можна таксама зрабіць аднаразовае ахвяраванне.

Працягласць магістрату Spadčyna – 9 месяцаў.

Чалец магістрату атрымлівае:

  • электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам мінімум 8 месяцаў) з пазначэннем ахвяраванай сумы;
  • справаздачы пра дзейнасць клубу;
  • магчымасць браць удзел у штомесячных стрымах з заснавальнікамі клубу і абмяркоўваць навіны;
  • творчыя відэападарункі ад дзяцей, якія займаюцца ў клубе.

Spadčyna можа зрабіцца прыкладам для іншых гарадоў з вялікаю беларускаю дыяспарай у справе адкрыцця беларусаарыентаваных прастораў для дзяцей.

Заснавальнікі клубу, пасля таго як іхная ініцыятыва стане на ногі, гатовыя дзяліцца напрацоўкамі і досведам з калегамі з іншых гарадоў альбо самі адкрываць там аналагічныя прасторы.

Spadčyna – другая ў праекце «Беларускія магістраты» Беларускай Рады культуры.

Магістратам мы называем суполку ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду вызначанаю сумаю грошай падтрымліваць перспектыўны праект беларускай справы альбо дапамагаць развязанню пэўнай праблемы.

Магістратамі, паводле кіраўніка ініцыятывы Цімафея Акудовіча, мы можам супольна адказваць на выклікі часу: «Калі дзяржава забірае ў нас магчымасць чытаць новыя кнігі, мусім самі ствараць сабе такія магчымасці. Гэта нашае змаганне на культурніцкім фронце. Праблемы не развяжуць еўрапейскія гранты ці іншыя буйныя інтарасанты – перадусім зрабіць гэта могуць супольна самі беларусы. Магістраты – гэта магчымасць далучыцца да барацьбы за беларускую культуру. Прычым самым простым – грашыма».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: