Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» назвала пераможцаў у 15 намінацыях. Іх вызначыла журы з 20 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў.
Узнагарода ўручаецца ўжо ў трэці раз, цырымонія сёлета праходзіла ў варшаўскім кінатэатры Kino Luna.
Найлепшымі беларускімі фільмамі і фільммейкерамі 2023 і 2024 гадоў былі прызнаныя:
- «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм» — «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч
- «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм» — «Say Cheese» Кіры Альшэўскага
- «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» — «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча
- «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм» — «Святая вада» Андрэя Куцілы
- «Найлепшы анімацыйны фільм» — «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі
- «Найлепшы дакументальны рэпартаж» — «Без рэтушы: Сяргей Пукст» Аляксандра Гарадка і Канаплёва+Лейдзік
- «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)» — Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч за фільм «Радзіма»
- «Найлепшы актор» — Валянцін Навапольскі за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»
- «Найлепшая акторка» — Аляксандра Вайцяховіч за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»
- «Найлепшая праца аператара(кі)» — Сяргей Канаплянік за фільм «Радзіма»
- «Найлепшы сцэнар» — Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Працэсы»
- «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)» — Аляксандр Адамаў за фільм «Працэсы»
- «Найлепшы мантаж» — Iлля Бажко за фільм «Працэсы»
- «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)» — Праект «Крос-культурны музычны дыялог» за фільм «Чароўныя нажнічкі»
- «Адкрыццё года» — Ананімны ўдзельнік
Таксама былі ўручаныя дзве «Спецыяльныя згадкі»:
- Стваральнікам фільму «Чароўныя нажнічкі» – «За руплівую працу – збор, захаванне і ўзнаўленне страчанай часткі нашай спадчыны – культуры беларускага габрэйства, і праз іх – за дапаўненне і ўзбагачэнне беларускасці»;
- Беларускім палітвязням – «У гонар шматлікіх палітзняволеных і іхных трагічных лёсаў, якія не дазваляюць рэжысёрам маўчаць і прымушаюць апавядаць свету пра беларускую сучаснасць і траўматычнае мінулае».
Прызы для пераможцаў былі зноў створаныя мастаком Аляксандрам Адамавым: цэгла, з якой прабіваецца галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно. Узнагароды ўручалі пераможцы мінулай эдыцыі кінапрэміі кампазітарка і арганістка Вольга Падгайская, аператарка Таццяна Гаўрыльчык, дакументалістка і журналістка Ксенія Галубовіч, рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян, таксама мастачка Яна Шостак, пісьменніца Святлана Курс, журналістка і былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава, сябра журы Максім Жбанкоў ды замежныя калегі прадзюсар з Нямеччыны Петэр Ромэль, кастынг-дырэктар з Польшчы Пётр Бартушэк, мецэнат і падтрымальнік беларускай культуры Мацей Радзівіл, рэжысёр, прадзюсар, дырэктар Школы Вайды і «Wajda Studio» Філіп Марчэўскі, польская рэжысёрка Агнешка Голянд.
У склад журы «Чырвонага верасу’26» увайшлі 20 экспертаў і экспертак: сузаснавальнікі і арганізатары кінрэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, і даследнікі кіно Наталля Вавілонская, Максім Жбанкоў, Вольга Ісакава, Саша Разор, Ульяна Рубанава, Ігар Сукманаў, Альміра Усманава, Ганна Яфрэменка. Некаторыя сябры журы з меркаванняў бяспекі застаюцца ананімнымі.
Нагадаем, што заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца чатыры беларускія кінакрытыкі, сярод якіх Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. Ва ўмовах выціскання незалежнай культуры з Беларусі адмыслоўцы ў 2021 годзе пастанавілі стварыць пляцоўку, якая б сталася гідам па беларускім кіно і падтрымала высілкі беларускіх фільммэйкераў. Першы раз прэмія адбылася ў Беларусі, цырымонія другой прайшла ў Берліне, а сёлета «Чырвоны верас» пераехаў у Варшаву.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

