Беларуская прастора «Кропка» ў Тбілісі працуе апошнія месяцы

Пра закрыццё прасторы «Кропка» яе арганізатары паведамілі ў тэлеграм-канале: «Кожны наш івэнт быў створаны з любоўю і павагай да вас – нашых наведвальні_ц. І зараз у вас яшчэ ёсць магчымасць прыняць удзел у апошніх сустрэчах, падзяліцца думкамі і падтрымаць адн_а адн_у.

Мы ўдзячныя кожна_й, хто былі з намі, хто дзяліліся сваёй энергіяй, натхнялі і стваралі разам з намі атмасферу, якую мы ўсе так цэнім.

Давайце разам правядзем гэты час прадуктыўна, насычана і з верай у новыя магчымасці, якія чакаюць наперадзе. «Кропка» заўсёды была месцам для ідэй і падтрымкі, і няхай нашыя апошнія месяцы працы стануць часам для таго, каб ажыццявіць усё задуманае».

Развітальны пост з’явіўся напрыканцы мінулага месяца, а на днях радыё «Рацыя» распытала сузаснавальніцу «Кропкі» спадарыню Валерыю пра прычыны закрыцця. Адна з прычынаў у тым, што ўсё больш беларусаў з’язджае з краіны ў сувязі з міграцыйнай палітыкай. У Грузіі не вырашана пытанне з дакументамі для беларусаў. І тыя беларусы, якія пераехалі ў Грузію, напрыклад, у 2021-м ці ў 2022 годзе, патроху з’язджаюць з Грузіі ў іншыя краіны, дзе яны змогуць атрымаць пашпарт.

Ёсць і іншая прычына — фінансавая. Прастора была бескаштоўная для беларускіх праектаў, і арганізатары цяпер не гатовыя перафарматаваць гэтую справу ў бізнес, тым больш, што сярод іх таксама ёсць людзі, якія патэнцыйна могуць мець праблемы з дакументамі.

Цяпер «Кропка» ў цэнтры Тбілісі працуе бясплатна для валанцёраў і актывістаў грамадзянскіх супольнасцяў Беларусі. Тут ёсць гістарычны клуб, Клуб беларускай літаратуры, English Speaking Club і ёсць бясплатная бібліятэка. Тут арганізоўваюць кінапрагляды і прапануюць заняткі беларускай, грузінскай і ангельскай мовамі, гуляюць у настолкі і робяць шмат чаго іншага для дарослых і дзяцей.

Тут можна правесці івэнт: лекцыю або майстар-клас. Сярод кірункаў дзейнасці — адукацыйныя мерапрыемствы, забаўляльныя, нэтворкінгавыя. Яны прысвечаны вывучэнню моваў, літаратуры, пашырэнню ведаў па гісторыі і па іншых тэмах, якія цікавыя беларусам і беларускам у Тбілісі.

Днём прастора працуе як каворкінг: сюды можна прыйсці, папрацаваць, зладзіць сустрэчу.

Сачыць за прасторай можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!