«Беларуская мова застаецца фактычна неабавязковай»: выйшаў агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за першае паўгоддзе 2026-га

Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сачыць за станам беларускай мовы ў Беларусі і сабрала выпадкі дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў у аглядзе за першае паўгоддзе 2026 год.

Факты сведчаць пра працяг сістэмнай дзяржаўнай палітыкі, вынікам якой становіцца далейшае звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы і ўмацаванне даміноўнага становішча расейскай мовы.

Асабліва трывожнай тэндэнцыяй першай паловы 2026 году стала ўзмацненне рэпрэсіўнага кампанента дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Публічныя заявы пра ўшчамленне беларускай мовы міністр інфармацыі Марат Маркаў фактычна паставіў у адзін шэраг з дзейнасцю «не на карысць дзяржавы» і праявамі «экстрэмісцкіх ідэй». Адначасова працягваецца пераслед прадстаўнікоў беларускага кнігавыдання і кнігараспаўсюду, а выдавецтвы, кніжныя праекты і беларускамоўныя выданні трапляюць пад дзеянне антыэкстрэмісцкага заканадаўства.

У аглядзе акцэнтуюцца на некалькіх ключавых сферах, у якіх найбольш выразна праяўляюцца сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы, яе выцясненне з грамадскага жыцця.

  • Дзяржаўнае кіраванне і публічная прастора. Расейская мова захоўвае даміноўнае становішча ў справаводстве, дзейнасці дзяржаўных органаў і публічнай інфраструктуры. Беларуская мова, нягледзячы на яе дзяржаўны статус, у многіх выпадках застаецца фактычна неабавязковай для дзяржаўных устаноў і арганізацый.
  • Адукацыя. Звужэнне беларускамоўнай адукацыйнай прасторы суправаджаецца ўмацаваннем даміноўнай ролі расейскай мовы. Агляд фіксуе як асобныя выпадкі ціску з мэтай пераходу з беларускай на рускую мову ў навучальным працэсе, так і агульныя паказчыкі, якія сведчаць пра значны дысбаланс паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі.
  • Месцы пазбаўлення волі. Беларуская мова з’яўляецца дадатковай падставай для ціску і прыніжальнага абыходжання. Зафіксаваныя сведчанні пра патрабаванні пераходзіць на расейскую мову, абразы і спагнанні ў сувязі з выкарыстаннем беларускай.
  • Кнігавыданне і распаўсюд беларускай літаратуры. У першай палове 2026 года істотна ўзмацніўся ціск на незалежную кніжную інфраструктуру, якая адыгрывае ключавую ролю ў стварэнні і распаўсюдзе беларускамоўнай літаратуры. Адбыліся масавыя ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў кнігавыдавецкай і распаўсюдніцкай сферы; выдавецкія і кніжныя ініцыятывы прызнаваліся «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а кнігі, сайты і старонкі кніжных праектаў — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэтыя меры дадаткова звужаюць магчымасці для выдання, распаўсюду і доступу да літаратуры на беларускай мове.
  • Публічная стыгматызацыя моўнага пытання. Асаблівую занепакоенасць выклікае з’яўленне ў афіцыйнай рыторыцы сувязі паміж заявамі пра ўшчамленне моўных правоў і «экстрэмісцкімі ідэямі». Такая рыторыка не толькі адмаўляе саму праблему няроўнага становішча беларускай мовы, але і стварае дадатковыя рызыкі для публічнага абмеркавання моўнай дыскрымінацыі і абароны моўных правоў.

Чытаць агляд цалкам.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!