Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг парушэнняў культурных правоў за першае паўгоддзе 2026-га.
Аналітычны матэрыял апісвае стан беларускай культуры са студзеня па чэрвень.
Самым частым відам рэпрэсій у гэты перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (224 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (102 выпадкі, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі, – 33). Трэцяе месца займае абвяшчэнне дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (59).
У гэты перыяд адбыліся некалькі вызваленняў палітычных зняволеных, у тым ліку дзеячаў культуры. 19 сакавіка былі памілаваныя 250 чалавек, сярод якіх — 22 прадстаўнікі сферы культуры (18 з іх змаглі застацца ў Беларусі, чацвёра былі прымусова высланыя).
А 28 красавіка на свабоду выйшаў журналіст, паэт і сябра Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут, за вызваленне якога больш за пяць гадоў паслядоўна змагаўся польскі бок. Аднак гэтыя падзеі не прывялі да змянення агульнай сітуацыі ў краіне і ў сферы культуры ў прыватнасці.
Сярод асноўных падзей другога квартала:
У гэты перыяд адбыліся кадравыя змены ў дзяржаўным кіраўніцтве сферы культуры: новым міністрам прызначаны былы міністр інфармацыі Марат Маркаў, які змяніў на гэтай пасадзе Руслана Чарнецкага.
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры Беларусі па-ранейшаму характарызуецца непразрыстасцю і закрытасцю для незалежных культурных ініцыятыў, выцясненнем іншадумцаў, узмацненнем адміністрацыйнага кантролю і далейшым рэгуляваннем прафесійнай дзейнасці ў культурнай сферы: абмежаваннямі ў дачыненні да артыстаў, арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, дзейнасці караоке-клубаў, аграсядзібаў і іншых суб’ектаў, звязаных з культурнымі паслугамі.
29 чэрвеня 2026 года на 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіў свой другі даклад. Значная яго частка прысвечана сітуацыі ў сферы культуры. У дакладзе адзначаецца, што рэпрэсіі ў Беларусі «ўключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі».
Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце Беларускага ПЭНа.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram