«Беларускае кіно як падстава для інтэлектуальнай размовы»: Мікалай Лаўранюк — пра варшаўскі клуб «Кінакола»

«Кінакола» — такую назву мае кінаклуб у Варшаве, які паставіў за мэту знаёмства гледача з фільмамі і аўтарамі беларускага кінематографа. Яго заснавальнік і вядоўца Мікалай Лаўранюк — экс-куратар мінскага фестывалю «Лістапад», актуальны адборца Нацыянальнага конкурсу варшаўскага кінфоруму Bulbamovie, прадзюсар і сцэнарыст, лічыць, што беларускае кіно мае патрэбу ў сталай пляцоўцы і па-ранейшаму з’яўляецца выдатнай падставай для інтэлектуальнай размовы. Сёння клуб «Кінакола», які працуе ў Беларускім моладзевым хабе, запрашае публіку на паказ драмы «II» («Два») беларускай рэжысёркі Улады Сяньковай — карціны, якая яшчэ ў 2019 годзе паказала буйным планам страхі і забабоны нашага грамадства.

Ці падтрымала публіка новы кінаклуб? Распыталі пра першыя крокі праекта Мікалая Лаўранюка.

«Старт абнадзейвае, бо людзі прыходзяць, глядзяць кіно, абмяркоўваюць і кажуць, што падобнага фармату не хапала, — распавядае пра рэакцыю гледачоў кінаруплівец. — Кінаклуб працуе з верасня месяца, і ў мяне ёсць намер ладзіць сустрэчы на сталай аснове, таму, спадзяюся, што цікавасць будзе расці далей. Не ўсе беларусы ў эміграцыі ведаюць беларускія фільмы, не ўсе іх глядзелі, і для мяне істотна, каб гэта быў не толькі прагляд, але і сустрэча з аўтарамі. «Кінакола» — у пэўным сэнсе, гэта добрая магчымасць культурніцкай адукацыі. І я вельмі ўдзячны, што гэты праект падтрымала Беларуская Рада культуры».

Падчас прагляду стужкі «Вакол Беларусі на роварах з маторамі». Фота: Мікалай Лаўрынюк.
Падчас прагляду стужак Аляксея Палуяна «Край жанчын» і «Возера радасці». Фота: сацсеткі Беларускага моладзевага хаба.

Мікалай распавядае, што ідэя кінаклуба нарадзілася ў яго з адчування нястачы падобнай пляцоўкі.

«Для мяне было істотным арганізаваць не проста прагляд стужкі, — мне хацелася стварыць інтэлектуальны клуб, дзе асновай для сустрэч было б беларускае кіно, — даводзіць сваю думку праграмны дырэктар. — Усё роўна пра беларускі незалежны кінематограф ведаюць не так шмат людзей, ён, на жаль, застаецца ў пэўным сэнсе «элітарнай з’явай», але варта працягваць працу, прасоўваць фільмы беларускіх аўтараў. І няхай гэта будзе камерны фармат для не самай вялікай аўдыторыі — для мяне важна, каб беларускае незалежнае кіно даходзіла да гледача».

На пытанне, чаму, на думку Мікалая, беларускае кіно так і не выйшла да масавага гледача, ён адказвае:

«Пры адсутнасці індустрыі, той сітуацыі, у якой беларускае мастацтва знаходзілася некалькі стагоддзяў ва ўмовах татальнай русіфікацыі, усё роўна нічога не зробіш з тым, што ў часы незалежнай краіны беларускае кіно застаецца з’явай элітарнай, — разважае вядоўца, у даробку якога правядзенне шматлікіх праграм беларускага кіно. — Але за гэты час з’явілася дастаткова аўтарскага кіно, і мне б хацелася пазнаёміць гледача з ім. І тым больш важна паказваць стужкі, якія ствараюцца проста зараз, нягледзячы на ўсе перашкоды».

Мікалай кажа, што рэпертуар «Кінокола» ён намагаецца выбудоўваць з фільмаў сучасных аўтараў апошняга дзесяцігоддзя. Клуб распачаў працу паказам поўнаметражнага дакументальнага роўд-муві «Вакол Беларусі на роварах з маторамі», адбылася сустрэча з аўтарамі фільма Барысам Нікалайчыкам, Раманам Свечнікавым і Вольгай Палевіковай. Праз тыдзень глядач «Кінакола» меў магчымасць паглядзець дакументальную стужку «Мара» беларускай рэжысёркі Сашы Кулак. Аляксей Палуян прыняў удзел у абмеркаванні яго кароткаметражных карцін «Край жанчын» і «Возера радасці» — яны былі паказаны на апошняй сустрэчы. Сёння, 23 кастрычніка, адбудзецца паказ нашумелай карціны «II» Улады Сяньковай — стужкі, якая атрымала Спецыяльную адзнаку на Варшаўскім кінафестылі і стала пераможцам Беларускай прэмііі кінакрытыкаў «Чырвоны верас-2022».

«Мне хацелася б, каб у рэпертуары клуба было разнастайнае кіно, — удакладняе Мікалай. — Каб у «Кінаколе» можна было пабачыць розныя жанры. Апошнім часам выходзіла шмат фільмаў на пратэсную тэматыку — і яны абавязкова будуць дэманстравацца ў нас, але я лічу істотным паказваць не толькі пратэснае кіно.

Напрыклад, мы пачыналі з дакументальнага роўд-муві «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» — было вельмі цікава яго паглядзець. Гэта фільм 2017 года, у карціне паўстае такая непарадная, нефасадная Беларусь, у стужцы шмат гумару, прыгодаў. І было цікава глядзець гэты фільм ужо і з пункту гледжання сённяшняга часу. Таму я раблю ў кінаклубе «стаўку» на разнастайнасць — будуць ігравыя, дакументальныя карціны, з глядацкім патэнцыялам, рознажанравыя».

Мікалай звяртае ўвагу на тое, што ў «Кінаколе» ёсць магчымасць асабіста задаць пытанне рэжысёрам і стваральнікам карцін.

«Нашы кінематаграфісты — яны сапраўдны зоркі, Асобы, мне хацелася б, каб глядач у гэтым пераканаўся».

Сёння вядоўца запрашае публіку на паказ фільма Улады Сяньковай у Беларускі Моладзевы хаб а 18.45.

Дазнацца пра далейшую працу «Кінакола» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!