Кадр з фільма "Усіх іх звалі Анжэліка".
Беларуская рэжысёрка Аляксандра (Саша) Куцень стала пераможцай Нацыянальнага (Польскага) конкурсу ў катэгорыі найлепшага кароткаметражнага ігравога кіно на 66-м Кракаўскім кінафестывалі. Галоўную ўзнагароду — «Залатога Лайконіка» — яна атрымала за сваю стужку «Усіх іх звалі Анжэліка» (Wszystkie miały na imię Anżelika).
Журы гэтай конкурснай праграмы, у склад якога ўвайшлі Вольга Баброўска, Лукаш Мацееўскі і Марыя Збонска, вельмі цёпла адзначыла працу беларускі:
«За шматколерную, шалёную і гарэзлівую гісторыю пра тое, што ціск поспеху — гэта турма, а свабода — гэта права на памылку».
Стужка «Усіх іх звалі Анжэліка» — гэта трагікамічная і вельмі актуальная гісторыя пра пошук уласнага голасу і аднаўленне самастойнасці ў абсурдным сучасным свеце.
Галоўная гераіня Анжэліка працуе манікюрніцай у кічавым салоне прыгажосці, дзе літаральна жыве і спіць паміж працоўнымі месцамі, слухаючы бясконцыя гісторыі кліентак. Дзяўчына спрабуе вярнуцца да вучобы на юрыдычным факультэце, як раптам яе і без таго хаатычную штодзённасць перарывае незапланаваная цяжарнасць. Анжэліка застаецца без працы, без даху над галавой і перад цяжкім выбарам. Сярод чужых парад, марскіх свінак і дыялогаў з чат-ботам штучнага інтэлекту (AI) яна спрабуе знайсці сэнс і вярнуць кантроль над уласным жыццём.
У гэтай карціне Саша зрабіла вельмі шмат: яна не толькі рэжысёрка, але і аўтарка сцэнарыя, а таксама стваральніца анімацыйных уставак. Такі падыход вельмі натуральны для яе, бо Саша навучаецца рэжысуры і мантажу ў Варшаўскай кінашколе, але паралельна займаецца фатаграфіяй і стоп-моўшн анімацыяй. Раней яна ўжо звяртала на сябе ўвагу кароткаметражкай «Лузер», якая ўдзельнічала ў фестывалі «Нефільтраванае кіно».
Гісторыю пра Анжэліку разам з Сашай стварала невялікая, але згуртаваная каманда. За атмасферу і візуальную мову кадра адказваў аператар Хуберт Вадэцкі, а мантаж зрабіў Міхал Пыс. Музычным афармленнем і гукам займаўся Куба Міхальскі, а галоўныя ролі ў фільме выканалі Эмілія Кантэцка, Андрэй Жураўскі і Наталі Зоненшайн.
Для беларускай кінасупольнасці сёлетні фэст прынёс ужо другую адзнаку для беларускіх кінематаграфістаў. Акрамя трыумфу Сашы Куцень, у прафесійнай індустрыяльнай секцыі KFF Industry ўзнагароду ад No Problemo Music атрымаў і праект дакументальнага фільма «Апошні сабака» (Ostatni pies) рэжысёра і дырэктара фестываля «Бульбамуві» Януша Гаўрылюка.
Кракаўскі кінафестываль (Krakowski Festiwal Filmowy) — адзін з найстарэйшых у Еўропе і галоўны кінафорум Польшчы, які спецыялізуецца на дакументальным, анімацыйным і кароткаметражным кіно. Фестываль мае афіцыйную акрэдытацыю Амерыканскай кінаакадэміі, што дае яго галоўным пераможцам прамы шлях (кваліфікацыю) да разгляду на прэмію «Оскар». Сёлета яго офлайн частка закончылася 7 чэрвеня, але фільмы кінафоруму можна паглядзець анлайн на VOD-платформе да 19 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram