Беларуска Ксенія Хамянкова выйграла галоўны прыз венецыянскага конкурсу Arte Laguna Prize з працай «Руціна»

Ураджэнка Гомеля Ксенія Хамянкова, якая працуе пад творчым псеўданімам theatrical_hunt, стала пераможцай 21-га міжнароднага конкурсу сучаснага мастацтва Arte Laguna Prize ў Венецыі. Экспазіцыя фіналістаў у венецыянскім Arsenale Nord працягнецца да 29 лістапада.

Пра што праца і чаму яе абрала журы

Праца «Руціна» (Routine) уваходзіць у маштабную фотасерыю Almost Home («Амаль дома»), якая вырасла з магістарскага даследавання Ксеніі ў Віленскай акадэміі мастацтваў «Трывожныя інтэрпрэтацыі па-за тэатральнай сцэнай» (Unsettling Interpretations Beyond the Theatrical Stage). За аснову мастачка ўзяла ўласную інтэрпрэтацыю навелы Франца Кафкі «Ператварэнне», а на пераможным здымку зафіксавала момант з жыцця сям’і Замза, калі прыбіральшчыца знаходзіць Грэгара.

Праца мастачкі «Руціна». Фота: сайт прэміі.

Здымкі праходзілі без лічбавай карэкцыі прасторы ў закінутай кватэры на вуліцы Бокшта ў Старым горадзе Вільні — паводле аўтаркі, аблупленыя сцены і брудныя вокны сталі не проста дэкарацыяй, а суаўтарам праекта. Галоўным эмацыйным нервам працы Ксенія называе беспрадметную трывогу: «досвед знаходжання сярод знаёмых рэчаў, калі адчуваеш сябе сярод іх чужым».

На конкурс мастачка падала інсталяцыю і тры фотаздымкі: з інсталяцыяй яна прайшла ў паўфінал, а ў фінал выйшаў кадр з фотасерыі. Журы 21-га конкурсу Arte Laguna Prize патлумачыла свой выбар так:

«Гэта далікатная праца. Нам падабаецца яе фрагментарнасць. У ёй няма прамога палітычнага паслання, але яна выглядае антрапалагічна і тэатральна, з апантанасцю руцінай. У ёй ёсць рыса варварства — рэфлексія пра хатнюю жанчыну, якая вяртае сабе ўласную прастору і займае ўсё месца цалкам. Акрамя таго, праца здзіўляе сваёй падачай і фрагментамі».

Фотаграфія-пераможца з’яўляецца часткай серыі «Амаль дома». Фота: сайт мастачкі.

Дзве адукацыйныя сістэмы і збор данатаў на паездку

Як распавяла Ксенія Хамянкова ў інтэрв’ю Delfi, у Літве жыве ўжо пяць гадоў. Да пераезду яна скончыла мастацкі каледж, тры гады працавала дызайнеркай і вучылася на сцэнаграфіі тэатра і кіно ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, адкуль на чацвёртым курсе перавялася ў Вільню.

Творца адзначае, што ўзяла лепшае ад абедзвюх сістэм: беларуская школа дала моцную тэхнічную базу, а літоўская — унутраную свабоду і фокус на мастацкім мысленні. Пры гэтым сама яна прызнаецца, што пасля 24 гадоў жыцця ў Беларусі і пяці гадоў у Літве пакуль не можа адназначна назваць сябе ні беларускай, ні літоўскай мастачкай.

Шлях да венецыянскай сцэны быў няпростым: арганізатары конкурсу не аплачваюць фіналістам дарогу і пражыванне, а ў падтрымцы паездкі мастачцы адмовілі некалькі спонсараў і інстытуцый — у тым ліку літоўскі бок з фармулёўкай «не бачым сэнсу ў гэтай паездцы». Каб трапіць на цырымонію ў Італію, Ксенія адкрывала збор данатаў.

Так выглядае фатаграфічная інсталяцыя Ксеніі Хамянковай. Фота: сайт мастачкі.
Фота: сайт мастачкі.

Arte Laguna Prize — адзін з самых вядомых міжнародных конкурсаў сучаснага мастацтва і дызайну, які праводзіцца ў Венецыі з 2006 года. Выстава фіналістаў 21-га выпуску, дзе прадстаўлена праца Ксеніі Хамянковай, адкрылася ў гістарычнай прасторы Arsenale Nord і будзе працаваць да 29 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram