«Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі»: апублікавалі маніторынг парушэння культурных правоў у Беларусі

Культура

Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг парушэнняў культурных правоў за першае паўгоддзе 2026-га.

Аналітычны матэрыял апісвае стан беларускай культуры са студзеня па чэрвень.

Самым частым відам рэпрэсій у гэты перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (224 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (102 выпадкі, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі, – 33). Трэцяе месца займае абвяшчэнне дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (59).

У гэты перыяд адбыліся некалькі вызваленняў палітычных зняволеных, у тым ліку дзеячаў культуры. 19 сакавіка былі памілаваныя 250 чалавек, сярод якіх — 22 прадстаўнікі сферы культуры (18 з іх змаглі застацца ў Беларусі, чацвёра былі прымусова высланыя).

А 28 красавіка на свабоду выйшаў журналіст, паэт і сябра Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут, за вызваленне якога больш за пяць гадоў паслядоўна змагаўся польскі бок. Аднак гэтыя падзеі не прывялі да змянення агульнай сітуацыі ў краіне і ў сферы культуры ў прыватнасці.

Сярод асноўных падзей другога квартала:

  • працяг ціску на дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі: узмацненне рэжыму ўтрымання менеджара культуры Эдуарда Бабарыкі; новыя выпадкі ціску ў дачыненні да журналіста і літаратара Ігара Ільяша і аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча; утрыманне мультыплікатара Івана Вярбіцкага ў рэжыме інкамунікада; крытычнае пагаршэнне здароўя культуролага Вацлава Арэшкі і музыкі Яўгена Бурло;
  • новая хваля вобшукаў і затрыманняў людзей у розных гарадах Беларусі, звязаных з культурнымі і грамадскімі арганізацыямі;
  • новыя крымінальныя прысуды ў дачыненні да прадстаўнікоў культурнай сферы, у тым ліку пазбаўленне волі ў папраўчай калоніі Віктара Яўмененкі, старшыні Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага, і барабаншчыка Цімафея Пугачова, а таксама новы суд над Ягорам Цюшкевічам, супрацоўнікам Брэсцкага тэатра лялек;
  • адміністрацыйны пераслед музыкі Аляксея Хлястова і фатографа Андрэя Лянкевіча;
  • адмена фестывалю традыцыйнай культуры «Свята сонца» і працяг адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў культурных і этнаграфічных мерапрыемстваў, у прыватнасці, Гукання вясны ў Гомелі;
  • завядзенне ў Беларусі крымінальнай справы супраць удзельнікаў святкавання неафіцыйнага нацыянальнага свята беларусаў, Дня Волі, у Варшаве, Вільні і іншых гарадах: у межах справы было праведзена больш за 30 вобшукаў па месцах прапіскі ўдзельнікаў у Беларусі;
  • прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які дзейнічае ў Літве з 2004 года, «экстрэмісцкай арганізацыяй» і далейшы пераслед больш як 60 студэнтаў і выкладчыкаў;
  • прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Беларускай Рады культуры (паўторна), брэнда «Znivien», інтэрнэт-крамы «The Krama Store», анлайн-школы «LVS Language School» і сатырычнага праекта «ЧинЧинЧенэл»;
  • пачатак працэдуры спецыяльнага вядзення ў дачыненні да музыкаў Сяргея Міхалка і Кацярыны Манкевіч;
  • маштабная хакерская атака на беларускую анлайн-бібліятэку Kamunikat.org;
  • далейшае пашырэнне «Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які былі ўключаны старонкі памерлага ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна, брэсцкага тэатра «Крылы халопа», шэрагу беларускіх выдавецтваў, літаратурныя творы і нават старонка прадзяржаўнага на сёння Беларускага саюза дызайнераў.

У гэты перыяд адбыліся кадравыя змены ў дзяржаўным кіраўніцтве сферы культуры: новым міністрам прызначаны былы міністр інфармацыі Марат Маркаў, які змяніў на гэтай пасадзе Руслана Чарнецкага.

Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры Беларусі па-ранейшаму характарызуецца непразрыстасцю і закрытасцю для незалежных культурных ініцыятыў, выцясненнем іншадумцаў, узмацненнем адміністрацыйнага кантролю і далейшым рэгуляваннем прафесійнай дзейнасці ў культурнай сферы: абмежаваннямі ў дачыненні да артыстаў, арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, дзейнасці караоке-клубаў, аграсядзібаў і іншых суб’ектаў, звязаных з культурнымі паслугамі.

29 чэрвеня 2026 года на 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіў свой другі даклад. Значная яго частка прысвечана сітуацыі ў сферы культуры. У дакладзе адзначаецца, што рэпрэсіі ў Беларусі «ўключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі».

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце Беларускага ПЭНа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.