«Беларусі, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён»: 40 гадоў таму памёр Уладзімір Караткевіч

25 ліпеня споўнілася 40 гадоў з дня смерці Уладзіміра Караткевіча — класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, перакладчыка.

Для Беларусі ён не проста літаратар, дзяяч беларускай культуры, але і ключавая постаць у адраджэнні нацыянальна-гістарычнай свядомасці. Галоўным чынам таму, што пераўвасабляў у драматычных формах беларускую гісторыю, паэтызаваў гераічнае мінулае, ствараў герояў, якімі ўсе захапляліся. І сам стаў легендай.

Жыццё Караткевіча было шчыльна знітавана з пісьменніцтвам і вызначалася нечаканымі паваротамі. Выбралі незвычайныя факты і моманты біяграфіі, якія паўплывалі на яго творчы шлях.

Уладзімір Караткевіч у студэнцкія гады (1949—1954). Архіўнае фота.

Вучыўся ў Кіеве, дзе пачаў даследаваць паўстанне 1863 года

У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Быў адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, рускіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. «Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам, — згадваў Караткевіч у сваіх успамінах. — Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра «Саборныя дзеянні».

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. Менавіта ў Кіеве Караткевіч захапіўся беларускай гісторыяй. З універсітэта будучага пісьменніка ледзь не выключылі за нацыяналізм, але ўкраінскі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1954-1956 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці.

Меў шмат талентаў, літаратура была толькі адным з магчымых шляхоў

«Пісаць (а спачатку «бубніць») вершы пачаў год у шэсць, але, на шчасце, хутка кінуў гэты занятак, — згадваў пісьменнік у сваіх успамінах. — Трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў. Увогуле, усё гэта было разнавіднасцю дзіцячай гульні. Таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна».

У сярэдзіне 1950-х Караткевіч, як сам згадваў, канчаткова выбраў літаратуру. Хоць да гэтага часу былі напісаны «горы» старонак. Малады літаратар даслаў некаторыя свае вершы для азнаямлення сябру ў Мінск, а той без ведама аўтара занёс іх у рэдакцыю літаратурнага часопіса «Полымя». У ліпені 1955 г. у «Полымі» быў апублікаваны верш Караткевіча «Машэка», прысвечаны герою беларускіх легендаў. Гэта і стала паваротным момантам.

Вызначальнай рысай Уладзіміра Караткевіча была ўсебаковая адукаванасць. Ён аднолькава добра разбіраўся ў гісторыі сусветнай літаратуры, жывапісу, музыкі, архітэктуры. Акрамя прозы і паэзіі пісаў сцэнарыі (меў нават адмысловую адукацыю: закончыў у Маскве сцэнарныя курсы).

У шасцідзясятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Здымкі некаторых фільмаў засведчылі, што ён разбіраўся ў рэжысёрскім і аператарскім мастацтве не горш прафесіяналаў.

Уладзімір Караткевіч. Архіўнае фота.

Выразна ўсведамляў сваю місію

«Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца», — так Караткевіч вызначаў сваё жыццёвае і творчае крэда.

У 1957 годзе Караткевіч запісаў план сваёй літаратурнай працы. Гэтыя творы маглі скласці 78 тамоў. Сярод іх — пятнаццацітомная серыя «Век» — гісторыя Беларусі з 1860-х гадоў да 1960-х. Вершаваныя і празаічныя творы як на гістарычныя, так і на тэмы сучаснага жыцця, літаратуразнаўчыя і мастацтвазнаўчыя, кінасцэнарыі і публіцыстыка, фальклорныя і навуковыя публікацыі, пераклады, творы для дзяцей, фантастыка і дэтэктывы.

У 1963-м пісаў: «Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 г[од] як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут. І яшчэ трохі — шчасця, падфарб [аванага] горкім гонарам. Таму што мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я не патрэбен і якім не патр [эбна] іх імя. І таму я бядн [ейшы] за апошняга жабрака і, адп [аведна], самы багаты. Бо я магу дазв [оліць] сабе раскошу любіць усіх.

Пакуль самаасэнс [авання] няма-калі, трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытр [ымаем] — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыцё мар [альнай] стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы.

Відаць, лёс любіць нас, калі даў нам такі гонар: быць адным супраць усіх. А калі так, то ўступ [ае] у правы дэвіз Давыда Гарадзенскага: «Нас мала, не чакайце літасці».

У выкананні гэтай місіі асаблівую ролю адводзіў гістарычнай прозе: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім».

Прадзед быў паўстанцам 1863 года

Караткевіч часта згадваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У зборніку «Пра час і пра сябе» ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: «Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру».

Яго прадзед з боку маці — Тамаш Грыневіч — у паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загадзе Мураўёва.

Сямейную легенду ўдакладніў даследчык Генадзь Кісялёў, які ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР знайшоў і паказаў яму дакументы пра прадзеда.

Гэта была адна з прычын, чаму Уладзімір Караткевіч са студэнцкіх часоў прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863—1864 гадоў, якое стала асновай для многіх твораў — апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965) і культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965).

Уладзімір Караткевіч. Фота: facebook.

Галоўная кніга жыцця «Каласы пад сярпом тваім» засталася без працягу

Даследчык творчай спадчыны пісьменніка, літаратуразнавец Анатоль Верабей асаблівай заслугай Караткевіча лічыў распрацоўку гістарычнай тэмы, у якой Караткевіч узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным. «Для Беларусі, — піша даследчык, — ён выканаў тую гістарычную місію, што Вальтэр Скот у Англіі, Генрых Сянкевіч у Польшчы, Алоіс Ірасек у Чэхіі».

«Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алоіса Ірасека. Не з’явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо «Салавей» З. Бядулі, «Спрадвечнае» Б. Мікуліча або «На шляху з варагаў у грэкі» Я. Дылы — гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай «пустаты», пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы «Каласам…», — пісаў іншы даследчык Адам Мальдзіс, які меркаваў, што ўніверсальны талент Караткевіча, прыдатны для якога-небудзь XVIII стагоддзя, «быў дадзены нашай культуры ў якасці боскай кампенсацыі».

Галоўнай кнігай свайго жыцця Караткевіч лічыў «Каласы пад сярпом тваім». Пачатак рамана нарадзіўся ў жніўні 1959 года, у Азярышчы над Дняпром, дзе пісьменнік пабачыў старую грушу над кручай.

Караткевіч планаваў напісаць трылогію пра паўстанне 1863 — 1864, у якой меўся адлюстраваць пярэдадзень, само паўстанне і яго вынікі. Аднак быў створаны толькі першы раман трылогіі — «Каласы пад сярпом тваім», выдадзены ў 1965-м у дзвюх кнігах. Па завяршэнні першай часткі аўтар пачаў расказваць, што не можа забіць сваіх герояў. Таму ў друку з’явілася толькі дзве кнігі «Каласоў».

Аднак Адам Мальдзіс сумняваўся ў тым, што кнігі былі не напісаныя. Ва ўспамінах пра Караткевіча даследчык піша: «Вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг «Каласоў…». Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай «Мёртвых душ». Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці «У снягах драмае вясна», хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд… Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы.

Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля «Званоў Віцебска» і «Кастуся Каліноўскага» збіраўся паставіць «Маці ўрагану». Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п’есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:

— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!

Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:

— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.
У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут «класныя спецыялісты», што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны «Каласоў…»).

Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне «Каласоў…» як пра нешта рэальнае.

Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта».

Уладзімір Караткевіч. Фота: facebook.

Пачаў пісаць дэтэктывы, каб павысіць прэстыж беларускай мовы і літаратуры

Караткевіч свядома звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. «Мы ўсё пішам пра тое, як «Ганна завіхалася ля печы». А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч», — казаў ён.

«Дзікае паляванне…» захапляльна расказвае пра нашу гісторыю, аднак гэта не проста прыгодніцка-дэтэктыўны твор, сюжэт якога трэба разблытаць. Караткевіч ставіць іншыя мэты: ён разважае пра лёс беларускага народа, параўноўвае розныя эпохі.

Даследчыкі сцвярджаюць, што многімі сваімі рысамі аповесць набліжаецца да твораў сацыяльна-філасофскіх. Яна не толькі забаўляе сваёй складанай інтрыгай, але і прымушае задумацца над лёсавызначальнымі пытаннямі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.