Фото: Wikipedia.org
Амерыканскія вайскоўцы ў панядзелак атакавалі іранскі востраў Кешм. Пра гэта паведаміла The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы. Яны ахарактарызавалі ўдары як абарончыя, накіраваныя на прадухіленне іранскіх атак на судны ў Армузскім праліве. Востраў размешчаны на гэтым важным водным шляху.
Цэнтральнае камандаванне ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе, афіцыйна не паведамляла пра ўдары. Аднак RFE/RL таксама ўдалося атрымаць пацвярджэнне ўдараў.
Іранскія СМІ паведамлялі пра некалькі выбухаў на востраве.
Інфармацыя з’явілася на фоне заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што вайны з Іранам не будзе.
“Цэны на нафту імкліва падаюць — зніжэнне склала амаль 10 долараў за барэль, што з’яўляецца рэкордам. Прычына ў тым, што людзі больш не чакаюць вайны з Іранам. Іран хоча ўрэгулявання — і як мага хутчэй. Гэта цалкам магчыма!” – напісаў ён у сетцы Truth Social.
Журналістам у панядзелак Трамп заявіў, што ў вайне з Іранам атрымана перамога.
“У нас была вайна з Іранам. Мы перамаглі. Я нават не ведаю, ці можна гэта назваць вайной, таму што мы не ваявалі ўжо некалькі месяцаў”, – сказаў ён.
Паводле слоў крыніцы выдання, ЗША ў апошнія тыдні наносяць абмежаваныя ўдары па тэрыторыі Ірана, публічна не паведамляючы пра іх, каб не даваць сігналаў пра намер аднавіць актыўныя баявыя дзеянні. Між тым да гэтага WSJ ужо пісала пра падрыхтоўку амерыканскімі вайскоўцамі планаў больш маштабнай кампаніі супраць Ірана. Яны даложаны Трампу, аднак рашэнне аб яе пачатку яшчэ не прынята.