Знешні гандаль таварамі і паслугамі застаўся дэфіцытным па выніках верасня

Па выніках студзеня-верасня ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі зноў зафіксаваны дэфіцыт. Імпарт перавысіў экспарт. У жніўні, паводле аператыўных звестак, Нацбанк таксама фіксаваў дэфіцыт.

Як паведамілі ў Нацбанку, у студзені-верасні беларускі экспарт тавараў і паслуг вырас на 13,7% да 42,99 млрд долараў, а імпарт — на 12% да 43,01 млрд долараў. У выніку дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 22 млн долараў. Год таму ён складаў 576,2 млн долараў.

Экспарт тавараў вырас на 11,1% да 32,65 млрд долараў. Імпарт пры гэтым павялічыўся на 12,1% да 36,74 млрд долараў. Дэфіцыт гандлю таварамі склаў 4,1 млрд долараў, што на 21,1% больш, чым летась.

Беларускі экспарт паслуг за дзевяць месяцаў вырас на 22,8% да 10,32 млрд долараў, а імпарт — на 11,7% да 6,27 млрд долараў. Прафіцыт знешняга гандлю паслугамі склаў 4,07 млрд долараў, што на 45,2% больш, чым год таму.