Владимир Зеленский. Фото: president.gov.ua
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб падрыхтоўцы маштабнага абмену палоннымі з Расіяй па формуле «больш за тысячу на больш за тысячу», а таксама аб дамоўленасці наконт удзелу еўрапейскіх прадстаўнікоў у наступных мірных перамовах. Пра гэта ўкраінскі лідар заявіў на сустрэчы з журналістамі, перадае РБК-Украіна.
Ён таксама расказаў пра новыя прапановы ЗША па ўрэгуляванні вайны, праблемы са спадарожнікавай сувяззю Starshield і падрыхтоўку дадатковых пакетаў ваеннай дапамогі.
Паводле слоў Зяленскага, пасля паездкі амерыканскай дэлегацыі ў Маскву бакі ўзгаднілі фармат абмену палоннымі «больш за тысячу на больш за тысячу». Цяпер вызначаецца дакладная колькасць удзельнікаў абмену, якая можа скласці ад 1200 да 1300 чалавек з кожнага боку.
Прэзідэнт Украіны паведаміў, што ЗША і Расія ўзгаднілі далучэнне еўрапейскіх прадстаўнікоў да трохбаковага перамоўнага фармату. Чакаецца, што да канца лістапада еўрапейскія краіны вызначаць сваіх прадстаўнікоў. Мяркуецца, што іх будзе ад 3 да 5 чалавек, а канчатковы склад узгодніць Украіна.
«Наступным разам Еўропа будзе не ў суседнім пакоі, а за адным сталом перамоў, і ў нас будзе агульны парадак дня. Хутчэй за ўсё, гэта будуць тры, чатыры, пяць чалавек, якія прадстаўляюць Еўропу ў цэлым», – заявіў Зяленскі.
Пры гэтым, паводле яго слоў, Расія працягвае адмаўляцца ад спынення агню, у тым ліку ад энергетычнага перамір’я.
«Спыненне агню не падтрымлівае асабіста Пуцін», – падкрэсліў ён.
Зяленскі таксама перасцярог ад спроб перагледзець архітэктуру еўрапейскай бяспекі да завяршэння вайны. Паводле яго слоў, спачатку неабходна дамагчыся спынення агню, заканчэння вайны і прадастаўлення Украіне гарантый бяспекі.
“Падобна, што ў 2021 годзе Пуцін прывозіў Байдэну менавіта гэтую ідэю: пераразмеркаванне сіл у Еўропе і свеце, аслабленне або вывад войскаў NATO, вывад амерыканскіх войскаў. Любыя падобныя змены вельмі небяспечныя”, – заявіў украінскі лідар.
Паводле слоў Зяленскага, амерыканскія перамоўшчыкі ўпершыню ўзнялі пытанне выхаду Украіны з Данбаса ў абмен на членства ў NATO.
«Амерыканцы задалі пытанне: “А калі Украіна будзе ў NATO, Украіна выйдзе з Данбаса?”. Гэта было ўпершыню. Мы абмяркоўваем з партнёрамі цэласны пакет бяспекі. Калі Амерыканскі бок нам гэта пацвердзіць разам з іншымі калегамі па NATO, то тады я спытаю меркаванне нашага грамадства: прымаем ці не прымаем?» – расказаў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна не прызнае акупаваныя тэрыторыі расійскімі. Пры гэтым ён дапусціў абмеркаванне падобных прапаноў з украінскім грамадствам, але толькі ў выпадку прадастаўлення канкрэтнага і комплекснага пакета гарантый бяспекі. Ён павінен уключаць абавязацельствы NATO і Еўрасаюза, фінансаванне ўкраінскай арміі і план аднаўлення краіны.
Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што ЗША разглядаюць магчымасць прадастаўлення гарантый бяспекі, аналагічных пятаму артыкулу NATO, у рамках двухбаковых дамоўленасцяў, але без размяшчэння амерыканскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны. Сам Зяленскі лічыць паўнавартаснае членства ў NATO найбольш надзейнай гарантыяй бяспекі.
«Замацаванне нейтральнасці – гэта значыць, што вы мяняеце Канстытуцыю сваёй дзяржавы, і на гэта Украіна ісці не будзе», – заявіў ён.
Зяленскі паведаміў, што ўжо пятыя суткі на акупаваных тэрыторыях Украіны дзейнічаюць абмежаванні хуткасці працы тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starshield да 161 км/г.
У SpaceX тлумачаць сітуацыю тэхнічнымі прычынамі. Аднак украінскі бок заяўляе пра масавы характар абмежаванняў, што не дазваляе перахопліваць рэактыўныя “шахеды” паблізу фронту да іх залёту на падкантрольную тэрыторыю. Над вырашэннем праблемы працуюць Міністэрства абароны, МЗС і галоўнакамандуючы УСУ.
“Starshield абмежаваны, хуткасць – максімум 161 км/г на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Калі яны вярнуліся да рашэння, што на тэрыторыі Украіны няма ніякіх абмежаванняў, але на часова акупаванай тэрыторыі – абмежаванні захоўваюць, то такое іх рашэнне вельмі небяспечнае. Калі вы там абмяжоўваеце, то часова акупаваныя тэрыторыі часткова ўжо не прызнаеце нашымі”, – лічыць Зяленскі.
Украінскі лідар расказаў пра новы пакет падтрымкі ад Даніі на 645 млн еўра. Ён уключае 20-міліметровыя боепрыпасы для знішчальнікаў F-16, каля 200 млн еўра на вытворчасць беспілотнікаў, сродкі на сумесную вытворчасць узбраенняў і энергетычную дапамогу Херсонскай вобласці. Акрамя таго, дасягнутая дамоўленасць аб забеспячэнні Украіны 800 тысячамі боепрыпасаў для F-16 на паўгода.
З краінамі Паўночнай Еўропы абмяркоўваліся далейшая ваенная падтрымка, развіццё супрацьпаветранай абароны і антыбалістычная праграма FREYJA. Было адзначана, што дацкі радар, украінская пускавая ўстаноўка і ракета для гэтай сістэмы ўжо гатовыя.
Украіна таксама тэстуе альтэрнатыўныя сістэмы спадарожнікавай сувязі сумесна з Францыяй, Нарвегіяй, Даніяй і Фінляндыяй. Да гэтай працы павінна далучыцца Германія.
На наступным тыдні на пасяджэнні кантактнай групы па абароне Украіны ў фармаце «Рамштайн», а таксама на сустрэчы «Кааліцыі ахвотных» у Берліне 19 лістапада Кіеў разлічвае абмеркаваць пастаўкі ракет PAC-2 і PAC-3, дадатковых F-16 і энергетычнай дапамогі.
Асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы да магчымых адключэнняў электраэнергіі ў Кіеве, Дняпры, Харкаве, Херсоне і Запарожжы.
«Калі давядзецца скарачаць электратранспарт, то патрэбны канкрэтны аб’ём паліва і аўтобусаў», – адзначыў Зяленскі.
Паводле сцвярджэння Зяленскага, у кастрычніку расійская армія страціла 54 тысячы вайскоўцаў забітымі і цяжкапараненымі – гэта найбуйнейшы месячны паказчык за ўвесь час поўнамаштабнай вайны.
Прэзідэнт таксама пракаментаваў расійскую ініцыятыву аб правядзенні гуманітарнай аперацыі ў Канстанцінаўцы Данецкай вобласці. На яго думку, пад выглядам эвакуацыі грамадзянскіх Расія спрабуе дамагчыся вываду ўкраінскіх войскаў з горада, які расійская армія не можа захапіць ужо паўтара года. Гэта дазволіла б ёй прасунуцца ў напрамку Краматорска і Славянска.
Паводле даных Украіны, грамадзянскія ў горадзе ўжо былі эвакуіраваныя пры першай магчымасці, а Украіна перадала ЗША спіс з 7-8 заблакаваных вёсак каля Алешак, дзе сапраўды знаходзяцца мірныя жыхары з дзецьмі, аднак Расія, як сцвярджаецца, іх праігнаравала.
“Расійская гісторыя пра “мірнае насельніцтва” ў Канстанцінаўцы – гэта рэфлексіі Пуціна на тое, што ён не змог захапіць Канстанцінаўку”, – заявіў Зяленскі.