Фото: president.gov.ua
Украіна не атрымлівала ад ЗША якіх-небудзь тлумачэнняў па сітуацыі з абмежаваннем хуткасці для Starlink і Starshield, а таксама з адсутнасцю папярэджання пра запуск расійскіх балістычных ракет. Пра гэта заявіў Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з амерыканскімі сенатарамі Рычардам Блюменталем і Томам Цілісам 19 кастрычніка.
“Мы дагэтуль не атрымалі ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды. На жаль, чуем толькі розныя дзіўныя гісторыі”, — заявіў Зяленскі пра абмежаванні хуткасці працы Starlink і Starshield на розных участках фронту. Ён патлумачыў, што абмежаванні хуткасці ўплываюць на здольнасць УСУ збіваць расійскія рэактыўныя «шахеды».
Украіна таксама не атрымала ад партнёраў папярэджання пра першую хвалю запуску балістычных ракет.
«Я кажу, перш за ўсё, пра амерыканскую сістэму ранняга папярэджання пра ракетныя пагрозы. Гэта ўжо трэці выпадак за кароткі перыяд, калі мы не атрымалі такога папярэджання пра балістычныя ракеты. І мы не атрымалі ніводнага выразнага тлумачэння ад нашых партнёраў, нашых стратэгічных партнёраў, з Вашынгтона, чаму гэта адбываецца», — сказаў Зяленскі.
Зяленскі нагадаў, што Расія адмовілася ад прапановы спыніць удары па ўкраінскай энергетыцы ў абмен на спыненне атак на расійскія НПЗ. Паводле слоў Зяленскага, Кіеў прапаноўваў яшчэ адзін варыянт: Украіна спыняе ўдары па расійскіх НПЗ на 30 дзён, а ЗША 30 дзён дапамагаюць абараняць украінскае неба ракетамі-перахопнікамі для Patriot.
«На жаль, мы не пачулі пра гатоўнасць дапамагчы нам з гэтым варыянтам таксама», — адзначыў Зяленскі.
Сёння Дональд Трамп у чарговы раз заявіў, што не ведае, хто распарадзіўся абмежаваць працу Startlink ва Украіне, але «хацеў бы даведацца».