Зяленскі заклікаў дэпутатаў звольніць генпракурора Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў дэпутатаў Вярхоўнай Рады як мага хутчэй прыняць рашэнне аб звальненні генпракурора Руслана Краўчанкі.

“У гэтага генеральнага пракурора ёсць толькі адзін шлях: звальненне з пасады. Менавіта гэта я яму і сказаў. Украіна бачыла ўсе прычыны. Калі ён лічыць, што гэта палітычны ціск, няхай так і называе. Прашу парламентарыяў падтрымаць гэта звальненне неадкладна”, – заявіў Зяленскі.

Нагадаем, у пачатку верасня Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура заявілі пра выкрыццё злачыннай арганізацыі ў Офісе генеральнага пракурора. Паводле версіі следства, удзельнікі групоўкі забяспечвалі “крышаванне” сеткі махлярскіх кол-цэнтраў і займаліся легалізацыяй атрыманай маёмасці.

Краўчанка ў выніку падаў у адстаўку пасля сустрэчы з прэзідэнтам, але яго звальненне яшчэ не зацвердзіла Вярхоўная Рада.

Сёння раніцай ён апублікаваў у сацсетках відэа, у якім заявіў, што падпісаў падазрэнне дырэктару Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Сямёну Крываносу і заклікаў яго сысці ў адстаўку. Паводле слоў генпракурора, кіраўнік НАБУ падазраецца ў падробцы афіцыйных дакументаў для атрымання неправамернай выгады ў асабліва буйным памеры.

Яму таксама інкрымінуюць фіктыўнае ўсынаўленне дзіцяці, якім той нібыта спрабаваў штучна стварыць падставы для пазбягання адказнасці ў судзе. Яшчэ адно падазрэнне Краўчанка падпісаў у дачыненні да асобы, блізкай да кіраўніка Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры Аляксандра Кліменкі.

Гаворка ідзе пра ўплыў на суддзяў Вышэйшага антыкарупцыйнага суда, прапанову ім неправамернай выгады, а таксама садзейнічанне ва ўхіленні ад мабілізацыі. Краўчанка сцвярджае, што менавіта гэтая справа і стала сапраўднай прычынай начнога ператрусу ў Офісе генеральнага пракурора.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!