Зяленскі заявіў пра гатоўнасць спыніць удары па расійскіх НПЗ у абмен на спыненне атак на энергетыку Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра гатоўнасць Кіева спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, калі Масква спыніць атакі на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру.

«Рэальная прычына вайны ў Еўропе – Расія, і толькі яна. Ужо сёння рэальна спыніць удары па энергетыцы, але Пуцін не хоча гэтага рабіць. Украіна будзе гатовая спыніць удары па расійскіх НПЗ, калі Расія перастане наносіць удары па нашай энергетычнай інфраструктуры. Любыя крокі па дээскалацыі павінны быць узаемнымі і суправаджацца рэальнымі гарантыямі», – заявіў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, толькі за апошні тыдзень Расія выпусціла па Украіне каля 1450 кіраваных авіябомбаў, 75 ракет розных тыпаў і больш за 1640 ударных беспілотнікаў, каля 60% з якіх былі рэактыўнымі.

Ён падкрэсліў, што ў Запарожжы завяршыліся пошукава-выратавальныя работы пасля расійскага ўдару, у выніку якога загінулі 23 чалавекі, у тым ліку чацвёра дзяцей. Акрамя таго, расійскія войскі атакавалі медыцынскую ўстанову ў Харкаве, а раніцай нанеслі ўдар па пяціпавярховым доме ў Славянску. Паводле слоў прэзідэнта Украіны, у разбураным пад’ездзе могуць знаходзіцца людзі.

Зяленскі заявіў, што Кіеў працягне каардынацыю з еўрапейскімі партнёрамі і працу над дадатковымі пакетамі ваеннай дапамогі, перш за ўсё сродкамі супрацьпаветранай абароны і боепрыпасамі для баявой авіяцыі.

Нагадаем, 9 кастрычніка Белы дом апублікаваў заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра будучае паступленне ў краіну значных аб’ёмаў дызельнага паліва. 10 кастрычніка Зяленскі абмеркаваў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам наступствы аслаблення санкцый у дачыненні да нафтапрадуктаў. Украінскі лідар падкрэсліў, што Расія не павінна атрымліваць дадатковыя магчымасці для зацягвання вайны.

Напярэдадні Axios са спасылкай на амерыканскага чыноўніка паведамляў, што Трамп хацеў дамагчыся аднабаковага спынення ўкраінскіх удараў па расійскіх НПЗ, паколькі яны спрыялі росту цэн на паліва ў ЗША.