Строй ракетоносцев Ту-95МС на авиабазе, 2005 год. Фото: Dmitriy Pichugin, wikipedia.org
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія Сілы абароны за апошнія суткі нанеслі ўдары па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Яраслаўскай вобласці Расіі і ракетаносцу Ту-95МС на аэрадроме ў Энгельсе.
Украінскі лідар адзначыў, што НПЗ знаходзіцца прыкладна за тысячу кіламетраў ад лініі фронту.
«Былі і нашы адэкватныя адказы на расійскую вайну ў Чорным моры. У расійскім Энгельсе байцы «Альфы» СБУ паразілі ракетаносец ТУ-95МС. Менавіта такія самалёты наносяць удары па Украіне. Дзякуй за трапнасць усім нашым байцам! Гэта ўсё адказ на іх удары. Расіяне павінны адчуць, што такое іх вайна», – заявіў ён.
Генеральны штаб УСУ пацвердзіў інфармацыю аб начным удары па нафтаперапрацоўчым заводзе «Слаўнафта-ЯНАС» у Яраслаўлі. На тэрыторыі прадпрыемства зафіксавалі пажар. Памер шкоды ўстанаўліваецца.
“Прадпрыемства задзейнічана для забеспячэння патрэб узброеных сіл РФ”, – заявілі ў Генштабе.
«Слаўнафта-ЯНАС» з’яўляецца адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Расіі і ўваходзіць у склад ПАТ «Слаўнафта». Магутнасць завода складае каля 15 млн тон нафты ў год. Прадпрыемства выпускае бензін, дызельнае і авіяцыйнае паліва, мазут, бітум і іншыя нафтапрадукты.