Фото: x.com/ZelenskyyUa
За апошні тыдзень расійскім ударам падвергліся 20 рэгіёнаў Украіны. Расія ўжыла каля 2700 беспілотнікаў, амаль 1460 кіраваных авіябомбаў і 165 ракет розных тыпаў. Пра гэта паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, значную частку выпушчаных ракет складалі балістычныя, у тым ліку паўночнакарэйскай вытворчасці.
«Расіяне пастаянна дапамагаюць Пхеньяну мадэрнізаваць іх, каб яны білі дакладней. На фоне гэтага асабліва складана зразумець затрымкі з пастаўкамі супрацьракетнай абароны для Украіны. Трэба ўзмацняць нашу абарону. Вельмі важна, каб Амерыка дазволіла перадачу ракет для «Пэтрыётаў», якія ўжо аплачаны партнёрамі ў рамках PURL. І таксама важна працягваць унёскі ў праграму PURL, якая з’яўляецца нашай галоўнай крыніцай супрацьракетнай абароны», – заявіў ён.
Зяленскі расказаў пра наступствы расійскай атакі на Кіеўскую вобласць. З раніцы 22 лістапада ў Дымеры працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя пасля трапляння беспілотніка ў пяціпавярховы жылы дом. У выніку ўдару часткова разбураны пад’езд будынка. Ратавальнікі эвакуіравалі 9 чалавек і лакалізавалі пажар. 14 чалавек не выходзяць на сувязь. Таксама паранена дзіця ў выніку расійскага ўдару КАБамі па жылых дамах у Запарожжы.