Зяленскі: за тыдзень Расія прымяніла больш за 1900 дронаў, 1700 авіябомбаў і 25 ракет

Расія за апошні тыдзень прымяніла па Украіне больш за 1900 ударных беспілотнікаў, 1700 авіябомбаў і 25 ракет. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, больш за 800 з выкарыстаных за тыдзень дронаў былі рэактыўнымі.

Ён таксама пацвердзіў чарговы ўдар дронам па Паўночным мосце ў Кіеве. У Сумах быў атакаваны склад медыцынскіх прэпаратаў, адзін чалавек загінуў. У Дняпры ўдар прыйшоўся па прадпрыемстве сувязі, 6 чалавек атрымалі раненні.

За мінулую ноч расійскія войскі выпусцілі па Украіне 135 ударных дронаў, больш за 50 з іх былі рэактыўнымі. Пад ударамі апынуліся Кіеў, Днепрапятроўская, Харкаўская, Данецкая, Сумская вобласці і Запарожжа.

“І сярод галоўных мэт гэтых тэрарыстаў, як заўсёды, звычайныя жылыя дамы, крытычная інфраструктура — усё, што складае звычайнае паўсядзённае жыццё. У населеных пунктах назіраюцца адключэнні святла”, – заявіў украінскі лідар.

Зяленскі таксама паведаміў, што сёння ў Кіеве знаходзіцца канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Паводле яго слоў, Украіна і Германія рыхтуюць важныя дамоўленасці ў сферы абароны ад расійскіх удараў.

“Краіна, якая паслядоўна дэманструе лідарства ў абароне жыццяў украінцаў і ўкраінак ад расійскіх удараў. Мы ўдзячныя за ўсю падтрымку. І сёння рыхтуем рашэнні для таго, каб у нас ва Украіне і ва ўсёй Еўропе было больш магчымасцей абараняцца. Будуць важныя дамоўленасці паміж Украінай і Германіяй. Расію трэба спыняць разам. Дзякуй усім, хто дапамагае”, – адзначыў ён.

Відэа: t.me/V_Zelenskiy_official