Фото: president.gov.ua
Украіна гатовая не наносіць удары па крытычнай інфраструктуры Расіі, калі РФ прадэманструе тое ж самае. Пры гэтым Кіеў сумняваецца, што Масква хоча выконваць якія-небудзь дамоўленасці. Такую заяву зрабіў сёння Уладзімір Зяленскі ў адказ на заяву Дональда Трампа пра нібыта дасягнутую дамоўленасць Украіны і Расіі не біць па энергетыцы адна адной.
Паводле слоў Зяленскага, Украіна прапаноўвала партнёрам забяспечыць дамоўленасць аб спыненні ўдараў па крытычнай інфраструктуры.
«Украіна прапанавала партнёрам забяспечыць такую дамоўленасць з Расіяй, якая спыніць знішчэнне крытычнай інфраструктуры. Харчаванне, энергетыка і іншыя элементы базавага забеспячэння жыццядзейнасці павінны знаходзіцца пад абаронай, а расійскія ўдары накіраваныя перш за ўсё супраць гэтага.
Штодня мішэнямі становяцца ўкраінскія аб’екты энергетыкі, партовая інфраструктура, лагістыка, нават склады з харчаваннем і фармацэўтыкай. Украіна не ўпэўненая, што ў Расіі ёсць жаданне выконваць якія-небудзь дамоўленасці», – заявіў прэзідэнт Украіны.
Кіеў гатовы да спынення ўдараў па крытычнай інфраструктуры Расіі, але асцерагаецца, што Масква можа выкарыстаць гэта, каб аслабіць напружанне ў грамадстве з-за дэфіцыту паліва перад парламенцкімі выбарамі.
«Калі партнёры гатовыя забяспечыць рэальнае жаданне Расіі не наносіць удары па нашай электраэнергетыцы, іншых нашых энергетычных аб’ектах, крытычнай інфраструктуры, руху харчавання, то мы, вядома, гатовыя забяспечыць адпаведную адсутнасць нашых удараў.
Каб гэта было надзейна, доўгатэрмінова і мела рэальны эфект для жыцця людзей, а не сарвалася пасля таго, як расіяне правядуць свае «выбары» і атрымаюць менавіта на гэты перыяд аслабленне напружанасці ў дачыненні да бензіну і дызельнага паліва. Вайну трэба заканчваць. І дээскалацыйны крок у дачыненні да крытычнай інфраструктуры можа стаць першым крокам да міру. Чакаем ад партнёраў канкрэтыкі», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, Трамп сёння заявіў, што Украіна і Расія дасягнулі дамоўленасці не наносіць удары па энергетычных аб’ектах адна адной. На яго думку, гэта дапаможа знізіць цэны на дызельнае паліва.