Уладзімір Зяленскі пракаментаваў ход трохбаковых перамоў паміж дэлегацыямі Украіны, Расіі і ЗША, якія пачаліся сёння ў Абу-Дабі (ААЭ). Ён заявіў, што першая размова ўжо адбылася, але пакуль рана рабіць высновы.
«Па змесце перамоў сёння пакуль рана рабіць высновы — паглядзім, як размова пойдзе заўтра і якімі будуць вынікі. Трэба, каб не толькі ва Украіны было жаданне скончыць гэтую вайну і дамагчыся поўнай бяспекі, — каб і ў Расіі падобнае жаданне ўсё ж з’явілася», — заявіў ён у вячэрнім відэазвароце.
У перамовах з украінскага боку прымаюць удзел сакратар СНБА Рустэм Умераў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, першы намеснік кіраўніка Офіса Сяргей Кісліца. Заўтра да іх далучацца начальнік Генштаба Андрэй Гнатаў і намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі.
«Абмяркоўваюць параметры завяршэння вайны. Цяпер у іх павінна быць як мінімум частка адказаў ад Расіі, і галоўнае — каб Расія была гатовая завяршыць гэтую вайну, якую сама ж і пачала. Украінскія пазіцыі выразныя. Рамкі для дыялогу я вызначыў для нашай дэлегацыі», — заявіў Зяленскі.
