Зяленскі перасцярог авіякампаніі ад выкарыстання паветранай прасторы Расіі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі пра тое, што расійская паветраная прастора больш не з’яўляецца бяспечнай з-за ўкраінскіх дронаў.

«Сёння мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расійскую паветраную прастору, кожнага страхоўшчыка, усіх, хто па-ранейшаму карыстаецца ключавымі расійскімі аэрапортамі: расійскае неба становіцца цалкам небяспечным.

Украіна не пагражае грамадзянскай авіяцыі як такой — ніводнаму грамадзянскаму самалёту. Проста дронаў у небе Расіі будзе столькі, што гэта неабходна ўлічваць. Хоць расійскія ўлады не паведамляюць пра гэта належным чынам, але расійскае неба дэ-факта будзе закрывацца: вайна, развязаная Расіяй, закрывае яе неба», — заявіў Зяленскі ў відэазвароце 1 верасня.

Зяленскі заявіў, што грамадзянскай авіяцыі не месца сярод дронаў.

«Мы ва Украіне не хочам дапусціць гібелі нявінных людзей. Таму папярэджваем партнёраў: у небе Расіі скончыліся бяспечныя моманты», – сказаў прэзідэнт Украіны.

Паводле слоў Зяленскага, МЗС Украіны і іншыя ведамствы прадаставяць міжнародным структурам усю неабходную інфармацыю пра небяспекі ў расійскай паветранай прасторы.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!