Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Украіна будзе наносіць удары па расійскіх энергетычных аб’ектах, калі Расія будзе біць па ўкраінскай энергетыцы. Пра гэта заявіў у вячэрнім відэазвароце 11 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Украіна навучылася знаходзіць магчымасці годна адказваць на расійскія ўдары. Я не параўноўваю гэта з тымі гуманітарнымі катастрофамі, якія яны сёння ствараюць. Украіна так не робіць. Але тым не менш Украіна здольная адказаць Расіі на любую іх аперацыю.
Расія ведае, што калі яны будуць наносіць удары — а яны рыхтуюцца зімой біць па нашай энергетычнай сістэме, — Расія будзе атрымліваць тое ж самае. Калі яны будуць ладзіць нам блэкаўты, мы будзем спрабаваць годна ім адказваць», — заявіў Зяленскі.
У якасці альтэрнатывы Кіеў прапануе Маскве перамовы аб заканчэнні вайны.
«Перамоўны працэс павінен датычыцца заканчэння вайны. І калі Расія не хоча яе заканчваць, то партнёрам неабходна знаходзіць да яе падыход. Калі гэта складана зрабіць, то сёння, прынамсі, трэба рухацца крок за крокам. Разблакіраваць Чорнае мора і знайсці магчымасць для энергетычнага перамір’я, пры якім энергетычная інфраструктура абедзвюх краін будзе абаронена.
І, безумоўна, працягваць працэс абмену ваеннапалоннымі і вяртання нашых грамадзянскіх асоб, журналістаў і іншых грамадзян, якія былі захоплены і кінуты за краты ў Расійскай Федэрацыі, а таксама вяртання нашых украінскіх дзяцей», — лічыць прэзідэнт Украіны.
Зяленскі падкрэсліў, што зацягванне вайны з’яўляецца выклікам не толькі Украіне, але і расійскай эканоміцы, а таксама заявіў пра неабходнасць рухацца да трохбаковай сустрэчы.