Зяленскі назваў масіраваны ўдар па ўкраінскай энергетыцы праявай непавагі Расіі да Трампа

Расія сёння ўначы нанесла масіраваны ўдар па ўкраінскай энергетыцы. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. На яго думку, у РФ лічаць заявы Трампа слабымі.

“За гэтую ноч расіяне ўжылі 39 балістычных ракет і больш за 120 ударных дронаў і баражыруючых боепрыпасаў супраць нашай энергетыкі і крытычнай інфраструктуры ў Кіеве, Кіеўскай вобласці і Харкаве. Прыцэльны расійскі балістычны ўдар менавіта па энергетыцы, у дачыненні да якой прэзідэнт Амерыкі вызначыў спыненне агню. Удар цалкам свядомы і паказальны маштабнасцю – такой дэманстратыўнай непавагі Расіі да Амерыкі яшчэ не было. Расія не лічыць заявы прэзідэнта Амерыкі моцнымі”, – заявіў Зяленскі.

Паводле яго слоў, прынамсі 600 тыс. чалавек застаюцца без электраэнергіі. Адключэнні могуць набыць і большыя маштабы. Зяленскі адзначыў, што адчувальныя пашкоджанні нанесеныя 26 элементам электраэнергетычнага комплексу і чатыром нафтагазавым аб’ектам.

“Мы просім Амерыку і КОЖНАГА ў свеце, хто не заплюшчвае вочы на рэальнасць, адрэагаваць і адрэагаваць жорстка. Расія ўпусціла магчымасць дээскалацыі і выразна выбрала працягваць сваю вар’яцкую вайну на знішчэнне.

Мы просім прэзідэнта Трампа ўвесці МОЦНЫЯ санкцыі супраць Расіі, тым больш што нядаўна прыняты і падпісаны закон Ліндсі Грэма гэта дазваляе і рэгламентуе. У прэзідэнта Амерыкі ёсць усе моцныя і дастатковыя інструменты, каб наблізіць мір дзякуючы сіле, справядлівасці і ціску на агрэсара”, – дадаў украінскі прэзідэнт.