Выступление Владимира Зеленского на Генеральной Ассамблее ООН 23 сентября 2026 года. Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны грамадзян 47 краін. Гэта прагучала падчас яго выступу на Генеральнай Асамблеі ААН.
Паводле слоў украінскага лідара, сярод іх грамадзяне Беларусі, Ганы, Непала, Таджыкістана, Індыі, Емена, Кеніі, Зімбабвэ, Кубы, Судана і Паўднёвай Афрыкі.
«Я хачу звярнуцца да тых краін, чыіх грамадзян Расія можа паспрабаваць выкарыстаць у чарговай абсалютна жорсткай кампаніі. Гаворка ідзе не толькі пра Паўночную Карэю. Мы ведаем, што ў сваёй вайне Расія выкарыстоўвае грамадзян 47 краін: Ганы, Непала, Таджыкістана, Індыі, Емена, Кеніі, Зімбабвэ, Кубы, Беларусі, Судана, Паўднёвай Афрыкі і многіх іншых. Мы атрымліваем запыты на вяртанне гэтых людзей дадому, а дзякуючы відэазапісам з нашых дронаў бачым, як на полі бою гінуць не расіяне, а людзі з вашых краін — тых самых 47 дзяржаў, — якія трапілі ў Расію падманам і хітрыкамі», — заявіў украінскі лідар.
Ён заклікаў улады гэтых краін не дапускаць удзелу іх грамадзян у вайне і не дазваляць Расіі ўцягваць іх у баявыя дзеянні.
«Таму я хачу звярнуцца непасрэдна да прадстаўнікоў кожнай з гэтых 47 краін. Вы ведаеце, што Расія робіць з вашымі людзьмі — вашымі грамадзянамі. Паклапаціцеся пра іх. Не дазваляйце ім апынуцца на чарговым фронце. Не дайце Пуціну ўцягнуць вас у гэтую вайну. Не дазваляйце Расіі тушыць свае пажары, хаваць сваю ганьбу і расплачвацца за сваё вар’яцтва жыццямі вашых людзей. Абмяжуйце яго магчымасці дзейнічаць. Абмяжуйце яго фінансавыя рэсурсы. Абмяжуйце яго вайну. І, калі ласка, няхай ніхто з прысутных не стане апошнім, хто далучыцца да абаронцаў жыцця. Станьце першымі, хто заявіць: мы гарантуем бяспеку», — прапанаваў ён.