Зяленскі адказаў на заклік Трампа абраць новага прэзідэнта Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў дамагчыся ад Расіі поўнага спынення агню на 60 дзён, каб Украіна магла арганізаваць выбары. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю ABC News, каментуючы словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра неабходнасць абраць новага ўкраінскага лідара.

Ён падкрэсліў, што рашэнне пра тэрміны галасавання і выбар кіраўніка краіны павінны прымаць самі ўкраінцы.

«Але калі адказваць на гэтае пытанне, то я ведаю, што Пуцін вельмі хацеў змяніць прэзідэнта ва Украіне. Я гэта разумею. І калі прэзідэнт Трамп сапраўды хоча дамагчыся нейкіх змен падчас выбараў, я таксама падзяліўся гэтым з яго камандай. Так што, калі ласка, перадайце Пуціну: дайце нам два месяцы, 60 дзён перадышкі. Поўнае спыненне агню на 60 дзён, і мы арганізуем выбары. Вядома, мы будзем гатовыя да любога выбару нашага народа, менавіта ўкраінскага народа», – заявіў Зяленскі.

Ён адзначыў, што правядзенне выбараў ва ўмовах вайны спалучана з цяжкасцямі, у тым ліку з-за пытанняў бяспекі і неабходнасці выканання ўкраінскага заканадаўства і Канстытуцыі.

“Такім чынам, па-першае, пры ўсёй павазе да прэзідэнта Трампа, выбар таго ці іншага лідара – гэта справа нашага грамадства, нашага народа. Так, мы знаходзімся ў стане вайны, і правесці выбары сапраўды складана. Справа не толькі ў тым, што гэта абсалютна небяспечна і выходзіць за рамкі нашага заканадаўства, за рамкі нашай Канстытуцыі, але галоўнае — для гэтага патрэбная інфраструктура бяспекі, каб даць людзям магчымасць прагаласаваць”, – падкрэсліў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, Украіна гатовая да спынення агню і дээскалацыі.

“Мы хочам міру. Мы гатовыя да спынення агню. Мы гатовыя пачаць з любых крокаў па дээскалацыі. Мы гатовыя да энергетычнага перамір’я, каб абодва бакі не наносілі ўдараў па аб’ектах энергетыкі. І калі расіяне хочуць, каб мы не наносілі ўдараў па іх дызельных заводах, нафтаперапрацоўчых заводах і гэтак далей, мы просім прэзідэнта Трампа даць ім сігнал: не наносіць удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны.

Гэта справядлівае пагадненне. Гэта не самае лепшае пагадненне. Лепшае пагадненне — гэта не… не развязваць вайну, каб спыніць Пуціна. Але першы крок — гэта спыненне агню, энергетычнае перамір’е. Добра, калі яны хочуць энергетычнага перамір’я, мы гатовыя да гэтага. Не нападайце на нас. Не забівайце нашых дзяцей. Мы перастанем нападаць на вашы нафталівныя судны. І я лічу, што гэта справядлівае, справядлівае пагадненне”, – падкрэсліў ён.

Зяленскі запэўніў, што Украіна працягне абараняцца, паколькі гаворка ідзе пра яе незалежнасць, свабоду і бяспеку грамадзян. Ён таксама заявіў, што Украіна разлічвае на падтрымку ЗША і еўрапейскіх партнёраў, падкрэсліўшы важнасць захавання адзінства паміж імі.

“Мы разлічваем на прэзідэнта і яго каманду, якія павінны спыніць Пуціна, менавіта спыніць Пуціна. І я думаю, што гэта галоўная мэта — спыніць яго. Гэта галоўная ўмова для спынення гэтай вайны. І мы разлічваем на падтрымку ЗША. А таксама, вядома, мы разлічваем на нашых еўрапейскіх партнёраў. І я спадзяюся, што нам удасца захаваць гэтае адзінства — паміж Еўропай і Злучанымі Штатамі. Гэта няпроста, дарэчы, сапраўды няпроста. Мы кожны дзень упарта працуем, каб гэта захаваць.

Але ў любым выпадку мы будзем абараняцца, таму што ў адваротным выпадку мы страцім нашы жыцці і дамы, нашу свабоду, незалежнасць, Украіну. Так, мы не можам гэтага дапусціць. І праўда на нашым баку”, – заявіў ён.

Нагадаем, напярэдадні Дональд Трамп заявіў, што Уладзімір Зяленскі мог неаднаразова завяршыць вайну, але не зрабіў гэтага, і выказаў меркаванне, што Украіне пара абраць новага прэзідэнта.