Жыхары Смалянаў адрэстаўравалі камень на магіле Тамаша Зана

На каталіцкіх могілках Смалянаў адрэстаўравалі надмагілле Тамаша Зана, заўважыла “Еўрарадыё”. Доўгі час надмагільным помнікам ніхто не апекаваўся, і ён прыйшоў у занядбаны стан.

Пасля царскай ссылкі пісьменнік пражыў на Аршаншчыне і быў пахаваны тут у 1855 годзе.

Камень Тамаша Зана да рэстаўрацыі. Фота: t.me/euroradio
Камень Тамаша Зана пасля рэстаўрацыі. Фота: t.me/euroradio

На камяні выбітыя словы: «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславёная…» і таксама згадваецца жонка Брыгіда.

Вядомасць гэта месца набыло дзякуючы малюнку Напалеона Орды, зробленага ім у 1877 годзе ў Смалянах. Малюнак так і называецца «Магіла Тамаша Зана».

Напалеон Орда. Магіла Тамаша Зана. 1877 год. Фота: niab.by

Тамаш Зан — адзін з лідараў віленскіх студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябар Адама Міцкевіча і Яна Чачота. У 1824 годзе быў сасланы ў Арэнбургскую губерню. У выгнанні адкрыўся іншы Тамаш Зан — даследчык, геолаг і музеязнавец. Адначасова ён пісаў вершы, у якіх вяртаўся да беларускіх краявідаў, народных паданняў і звычаяў. У дзённіку з выгнання нават запісаў намер пісаць па-беларуску. На жаль, гэтыя творы не захаваліся.

Фотааздымак магілы Занаў. 2021 год. Фота: сацсеткті.

Пасля вяртання пасяліўся ў маёнтку Кахачын каля Оршы, дзе даследаваў прыроду і беларускі фальклор.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!