У Threads набірае папулярнасць відэа з Баранавічаў: падлетак у цёмнай куртцы з капюшонам жорстка «выгульвае» маленькага сабаку: рэзкімі рыўкамі павадка шпурляе яго аб газон, цягне па траве, затым стаіць над жывёлай, якая ляжыць, і зноў тузае павадок. Запіс зроблены з акна шматпавярховіка; паводле слоў аўтара публікацыі hatiko_bobruisk, відэа здымалі дзеці, і заява ў міліцыю ўжо пададзена.
Асцярожна! Відэа змяшчае сцэну гвалту над жывёлай.
У каментарыях да паста людзі не стрымліваюць эмоцый.
«Хацелася выбегчы і яго вось так па траве пакідаць, з боку ў бок», – напісала tatsiana_kishchuk
«Бедны хвосцік, такі маленькі, што за жорсткасць у гэтых малалетніх вылюдкаў», — задаецца пытаннем irina_mineyeva.
Астатнія каментарыі складана цытаваць з-за іх нецэнзурнага зместу.
У Беларусі жорсткае абыходжанне з жывёламі караецца паводле арт. 19.14 КаАП штрафам да 15 базавых велічынь (675 рублёў), калі жывёла не загінула і не пакалечана. Адказваюць паводле гэтага артыкула з 14 гадоў. Калі падлетку няма 14, плаціць будуць бацькі: арт. 10.3 КаАП за невыкананне абавязкаў па выхаванні прадугледжвае да 10 базавых велічынь (да 450 рублёў).
Якога ўзросту хлопец на відэа, калі зроблены запіс і што з сабакам цяпер – невядома, міліцыя сітуацыю пакуль не каментавала.