Джон Коул, Фрэнклин Грэм и Грета ван Сустерен в 2022 г. Фото из Facebook Грэма
Жонка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла, журналістка Грэта ван Сустэрэн расказала пра цяжкасці, якія ўзніклі пры праверцы яе мужа перад зацвярджэннем на пасаду ў Дзярждэпартаменце, якая адказвае за вызваленне амерыканцаў з замежных турмаў. Паводле яе слоў, у рамках працэдуры ў яе запыталі звесткі пра месцы нараджэння бацькоў, якія памерлі некалькі дзесяцігоддзяў таму, а ад самога Коўла запатрабавалі адзнакі з універсітэта, які ён скончыў 54 гады таму.
У сваіх пастах у X яна назвала працэдуру абсурднай і раскрытыкавала амерыканскія ўлады за бюракратычныя патрабаванні.
“ГЭТА ВАР’ЯЦТВА… НАШ УРАД ЗВАР’ЯЦЕЎ. Джон Коўл дамогся вызвалення больш як 900 чалавек з турмаў у Беларусі. Трамп вылучыў яго на пасаду кіраўніка падраздзялення ў Дзярждэпартаменце, якое займаецца вызваленнем амерыканцаў, незаконна ўтрыманых у замежных турмах. Аднак яго кандыдатуру павінен зацвердзіць Сенат, а сама працэдура — проста абсурд.
Сёння ад яго запатрабавалі адзнакі з каледжа (які ён скончыў 54 гады таму!). Яму давялося тэлефанаваць у Мэрылендскі ўніверсітэт, але там адмовіліся даць даныя, пакуль ён не назаве нумар тэлефона, якім карыстаўся ў 1969 годзе, — а ён паняцця не мае, які ў яго тады быў нумар… І ўсё гэта — дзеля таго, каб дапамагчы вярнуць амерыканцаў дадому!” – напісала яна, пазначыўшы акаўнты прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і дзяржсакратара Марка Рубіа.
Акрамя таго, падчас праверкі кандыдатуры Коўла ёй патэлефанавалі і папрасілі назваць месцы нараджэння бацькі і маці, расказала ван Сустэрэн.
“Ой… гэта яшчэ не ўсё… У рамках падрыхтоўкі да канфірмацыі майго мужа мне патэлефанавалі і спыталі, дзе нарадзіўся мой бацька… Я паняцця не маю… Ён нарадзіўся ў 1914 годзе (гэта я ведаю) і вырас у маленькім гарадку ў Вісконсіне, дзе не было бальніцы… А памёр ён амаль 40 гадоў таму… У тым маленькім гарадку, дзе ён вырас, дагэтуль няма бальніцы… Увогуле, я проста выказала здагадку! Я проста назвала бальніцу ў суседнім гарадку… дзе нарадзілася я сама… але гэта можа быць няправільна… я паняцця не маю”, – паскардзілася яна.
“І ГЭТА ЯШЧЭ НЕ ЎСЁ… Мне патэлефанавалі проста падчас працоўнага дня ў сувязі з канфірмацыяй майго мужа і спыталі, дзе нарадзілася мая маці. Я паняцця не маю. Яна нарадзілася ў 1911 годзе і памерла больш за 25 гадоў таму. Я выказала здагадку, што ў тым гарадку, дзе яна вырасла, у паўночнай частцы штата Нью-Ёрк — а гэта я дакладна ведаю — была бальніца, але, як заўсёды мне шанцуе, гэтую бальніцу знеслі 60 гадоў таму і замянілі нейкай іншай бальніцай з іншай назвай. УСЁ ГЭТА ТАМУ, ШТО МОЙ МУЖ ХОЧА ВЯРНУЦЬ АМЕРЫКАНЦАЎ ДАДОМУ. Урад сапраўды вар’яцее, прымушаючы людзей, якія хочуць дапамагчы, праходзіць праз усе гэтыя недарэчныя працэдуры”, – дададала журналістка.
Ван Сустэрэн іранізуе, што, калі яе здагадкі наконт бацькоў апынуцца няправільнымі і яе абвінавацяць у хлусні, Коўлу давядзецца дамагацца яе вызвалення разам з іншымі закладнікамі.