Жлабінчанка, якая гадамі беспаспяхова абнаўляла вакансіі, абмацюкала працадаўцаў у сацсетцы і знайшла працу

Жыхарка Жлобіна размясціла грубы пост у Threads, скардзячыся, што на сэрвісах па пошуку працы гадамі вісяць адны і тыя ж вакансіі, і назвала тое, што адбываецца, «Днём сурка».

У дзяўчыны даволі салідны набор спецыялізацый: кухар, кандытар, касір, прадавец і таваразнаўца, але беспаспяховыя пошукі працы давялі яе да капслоку і ненарматыўнай лексікі.

«Без шкодных звычак (ну, акрамя мату, калі вы мяне давядзеце). Патрабаванне адно, «святое» — графік 5/2, «без вашых е***чых 12-гадзінных змен і начнога рабства. […] Гатовая ўкалываць як праклятая, вучыцца, цягаць скрынкі, стаяць ля пліты, ды хоць ж**у рваць на складзе або вытворчасці […] Дашлю рэзюмэ, адкажу на пытанні, выйду хоць заўтра! Калі хтосьці думае, што я е***утая, то гэта я проста на нервах ад пошукаў і безграшоўя».

Некаторыя каментатары пацвердзілі, што ў Жлобіне з працай бяда, іншыя засумняваліся, што з такім падыходам трэдчанка нешта знойдзе. Але на наступны дзень у дзяўчыны ўжо была праца: наймальнікі запрашалі яе ў каментарыях і пісалі ў асабістыя паведамленні.

«Я ўжо знайшла некалькі прыдатных варыянтаў з графікам 5/2 (напрыклад, сталовую з 7 да 16)», – напісала дзяўчына, адказваючы на скепсіс каментатараў наконт спробаў знайсці працу ў грамадскім харчаванні і гандлі з «чалавечым» графікам.

Пост набраў больш за 300 лайкаў і звыш сотні каментарыяў.

Што на сайтах, якія яе давялі

На rab.by усяго пяць вакансій у раздзеле «Грамадскае харчаванне», і ніводная з іх не ў Жлобіне. Хутчэй за ўсё, трэдчанка мела на ўвазе rabota.by. На 29 кастрычніка ў Жлобіне апублікавана 6 вакансій па прафесіі «кухар» з роскідам заробкаў ад 1000 да 2000 рублёў (да выліку падаткаў). 2 вакансіі кандытара – 1400-1640 рублёў (верхняя мяжа – да падаткаў), 7 арганізацый шукаюць прадаўца на заробак 930-2500 рублёў у месяц (верхняя мяжа – да падаткаў), дзве арганізацыі – кантралёра-касіра з заробкам 1200-2000 (верхняя мяжа – да падаткаў). Як мінімум 9 з гэтых вакансій створаныя раней і проста падаўжаюцца — Дабраном, Еўраопт, ЭканомМаркет, а «Загадчык аддзела» ў «Суседзях» (№ 108964474), мяркуючы па нумарацыі, заведзены яшчэ ў канцы 2024 — пачатку 2025 года.

Gsz.gov.by – дзяржаўны банк вакансій, куды наймальнік абавязаны падаць вакансію да аб’яўлення на іншых сайтах. Па Жлобінскім раёне там цяпер каля 775 вакансій, з іх па прафесіях Аліны: 16 кухарскіх, тры кандытарскія, 15 прадаўцоў, восем кантралёраў-касіраў і адзін таваразнаўца. Праверыць тэзіс пра «дзень сурка» па самім сайце нельга — дату першай публікацыі партал не паказвае ўвогуле, пры гэтым большасць вакансій рэгулярна абнаўляецца.