«Згодныя на казік, але не бяруць». Беларускія IT-шнікі не могуць знайсці працу

Беларускія айцішнікі скардзяцца ў сацсетках, што рынак працы ў краіне мёртвы: вакансіі з нармальным заробкам прапануюць толькі анлайн-казіно, але і туды трапіць зусім не проста. Reform.news праверыў гэта на лічбах: мы вывучылі даныя dev.by, devpulse, rabota.by і высветлілі, што за апошнія гады колькасць вакансій скарацілася ў 7 разоў, на адно месца прэтэндуе 31 чалавек, і сітуацыя працягвае пагаршацца.

«IT у РБ мёртвае, наймаюць толькі ў гэмблінг»

«Часам здаецца, што пайсці касірам спакайней і чалавечней, чым гэта», — напісала сёння ў Threads беларуска пад нікам lesyaromashko. «Гэта» — офер ад iGaming-кампаніі. Дзяўчына адправіла рэзюмэ, прайшла два этапы, атрымала прапанову і адмовілася: прадаваць кандыдатам тое, чаго не прымае сама, не змагла. Прафесію яна не называе, але, відаць, працуе ў найме.

«Не змагла. Зразумела, што гэтая сфера мяне проста зламае, таму што ідзе насуперак маім прынцыпам», – піша яна.

Каментатары ухваляюць яе ўчынак і прызнаюцца, што самі адхіляюць падобныя вакансіі з-за амаральнасці ігральнага бізнесу: lia_sirena расказвае, што найлепшыя заробкі на рынку былі менавіта ў гэмблінгу, але яна не змагла нават адгукнуцца і таму доўга шукала працу. У veronike_ru блок спрацоўваў ужо пасля фінальных сумоўяў і офераў: «Я вырашыла, мне гэта не трэба».

Іншыя каментатары пішуць, што з радасцю пагадзіліся б ужо і на казіно: «Згодныя і на казік, толькі вазьміце», — адказвае аўтару dinalight_. «Я гатовы ісці ў казіно, але мяне не бяруць», — паўтарае an2andr.

ivan.dranko вярнуўся на рынак пасля двухгадовага перапынку і не пазнаў яго: «вакансіі толькі бэтынг, айгэмінг і нутра» (нутрай называюць рэкламу БАДаў). Карыстальніку voidweaver32 хапае чатырох слоў: «IT у РБ мёртвае».

Паралельна разлятаюцца іншыя пасты IT-шнікаў з Беларусі, якія ў шоку ад сітуацыі на рынку працы: «Ніколі б не падумала, што перспектыва трапіць на капеечную працу на 0.25 стаўкі ў начную змену будзе выклікаць у мяне столькі захаплення…» – піша праграмістка з Гродна.

Трэнд агульнасусветны ці беларускі?

Актыўных IT-вакансій у Беларусі ў сем разоў менш, чым на піку 2021 года, і на 70% менш, чым да пандэміі. На адно месца прэтэндуе 31 чалавек, а ў 2019 годзе прэтэндавала ў 10 разоў менш – тады IT-шнікі дасылалі 2,9 рэзюмэ на вакансію.

Спад найму ў ІТ агульнасусветны, але ў Беларусі ён глыбейшы: вакансій на 86% менш, чым на піку, у ЗША — на 67%, у Польшчы — на 37%.

Рынак Што вымяраецца Ад піка да апошняй кропкі Апошняя дынаміка
Беларусь актыўныя ІТ-вакансіі, dev.by −86% (ліпень 2021 → студзень 2026) −13% за год (студзень 2026)
ЗША індэкс вакансій у распрацоўцы ПЗ, Indeed Hiring Lab (шэраг індэкса, разбор) −67% (люты 2022 → верасень 2026) +25% ад дна мая 2025-га
Польшча вакансіі за год на justjoin.it, Poland Insight −37% (2022 → 2025) рост у 2025-м пасля двух гадоў спаду
Украіна вакансіі на DOU (2021–2023, 2025, 2026) каля −30% (2021 → 2025, разлік) +14% за год (II квартал 2026)

Пры гэтым у ЗША і Польшчы рынак прайшоў дно і з 2025 года патроху расце, хоць да піка яму далёка. Беларускі працягвае сціскацца: за год вакансій стала яшчэ на 13% менш.

Графік пабудаваны паводле даных агрэгатара Dev.by, які ўлічвае вакансіі з 20 джоббордаў.

Як відаць з графіка, рынак больш чым утрая ніжэйшы за дапандэмійны сакавік 2020-га, хоць тагачасны падлік яшчэ не ўключаў вакансіі з LinkedIn. Студзень 2026-га на 13% слабейшы за студзень 2025-га, значыць, дно пакуль не пройдзена. У рэзідэнтаў ПВТ, паводле ацэнкі dev.by, вакансій амаль у дзесяць разоў менш, чым у 2021-м годзе.

Але цяжэй за ўсё зусім не праграмістам. На вакансію менеджара праектаў прыпадае 49,5 рэзюмэ, аналітыка — 46,4, дызайнера — 39. У DevOps-інжынераў і дата-сайентыстаў канкурэнцыя ўчатыры разы ніжэйшая: 11–12 рэзюмэ на месца.

Чаму беларускаму IT горш за ўсё

У апошнія гады IT-сектар Беларусі перажыў тры ўдары, і кожны наступны прыпадаў на рынак, які не паспеў аднавіцца пасля папярэдняга.

2020 год – рэлакацыя пасля прэзідэнцкіх выбараў і падаўленых пратэстаў. Самы вядомы выпадак — PandaDoc, у мінскім офісе якой прайшлі ператрусы і арышты супрацоўнікаў. Тысячы беларусаў з’ехалі ў Польшчу па праграме Poland Business Harbour, дзясяткі ІТ-кампаній перабіраліся ў Літву. Але, нягледзячы на гэта, 2021 год стаў рэкордным і па вакансіях, і па экспарце. Першая хваля забрала людзей і штаб-кватэры, але заказы засталіся.

2022 год – сыход заходніх заказчыкаў пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну і санкцый супраць Беларусі. EPAM за год больш чым удвая скараціў колькасць спецыялістаў у Беларусі, Wargaming абвясціў аб сыходзе і пачаў закрываць мінскую студыю, беларускія юрыдычныя асобы ліквідавалі Flo, Targetprocess і шэраг іншых кампаній. Попыт не вярнуўся дагэтуль. Замест высокамаржынальных рынкаў Еўропы і ЗША галіна пераарыентавалася на СНД і Азію.

Развіццё штучнага інтэлекту пагоршыла сітуацыю. Нейрасеткі зачынілі ўваход у прафесію і скарацілі каманды на рынку, дзе заказаў і так мала. Амаль дзевяць з дзесяці ІТ-вакансій патрабуюць досведу, а доля навічкоў у галіне ўпала ўчатыры разы.

У гэмблінгу кожны дваццаты беларускі айцішнік

Пры гэтым тэзіс пра тое, што IT-спецыялістаў у Беларусі наймаюць толькі ў гэмблінг, рэальнымі лічбамі не пацвярджаецца: у казіно занята каля 5–6% работнікаў галіны, а на rabota.by з азартнымі гульнямі звязаныя 15 з 1 136 ІТ-вакансій, гэта значыць 1,3%; з верагоднымі паводле апісання — 2,5%. Сярод інжынерных вакансій доля даходзіць да 5%, у DevOps-інжынераў — да 13%. Банкі шукаюць айцішнікаў у восем разоў часцей.

Гэмблінг — гэта каля 5–6% занятых у галіне і 1,3–2,5% адкрытых ІТ-вакансій на rabota.by. Паводле штогадовага даследавання dev.by, у гэмблінгу працавалі 4,5% айцішнікаў у 2023 годзе і 6% у 2024-м. Другі замер дае трэкер Devpulse, які лічыць супрацоўнікаў па профілях LinkedIn. У топ-50 ІТ-працадаўцаў краіны тры кампаніі звязаныя з азартнымі гульнямі:

Чаму ж беларускім IT-шнікам здаецца, што іх гатовыя наняць толькі казіно? Адчуванне, мяркуючы па даных, стварае вузкі інжынерны рынак: такіх вакансій мала, і гэмблінг у іх больш заўважны. Другі фактар – прамы найм, ад якога адмовіліся амаль усе, акрамя анлайн-казіно. Да таго ж распрацоўшчыкам і тэсціроўшчыкам гэмблінг абяцае больш высокую столь заробкаў.