Збор з тэрабаронай праходзіць у Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці праходзіць збор з войскамі тэрытарыяльнай абароны. На збор прызвана каля 200 ваеннаабавязаных, паведамляе Мінабароны.

У Крычаўскім раёне ўдзельнікі збору выконваюць задачы па ахове аб’ектаў важнай інфраструктуры, барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка, а таксама выконваюць задачы па забеспячэнні бяспекі сумесна з МУС.

12 лістапада ў Крычаў прыехаў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Ён выступіў з дакладам у райвыканкаме на тэму ўдасканалення сістэмы тэрытарыяльнай абароны.

Хрэнін адзначыў, што сістэма тэрабароны Беларусі паслядоўна развіваецца па некалькіх напрамках.

«Па-першае, удасканальваецца падрыхтоўка штабоў тэрытарыяльнай абароны і вайсковых часцей тэрытарыяльных войскаў, а таксама кіраўнікоў і спецыялістаў выканкамаў.

Па-другое, нарошчваюцца магчымасці сістэмы ўсебаковага забеспячэння, звязаныя перш за ўсё з забеспячэннем войскаў усімі відамі матэрыяльных сродкаў, у першую чаргу — сучаснымі сродкамі сувязі, індывідуальнай бронеабароны, назірання і супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам.

Па-трэцяе, разгортванне тэхнічных элементаў сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абаронай ужо ў мірны час.

Па-чацвёртае, аптымізацыя складу і структуры войскаў з улікам сучасных тэндэнцый», — заявіў Хрэнін.

Міністр абароны таксама адзначыў, што ў апошнія гады асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы тэрыторыі і аб’ектаў да вядзення тэрытарыяльнай абароны.