Завод «Тальяцікаўчук» у Расіі трапіў пад удар беспілотнікаў

У Тальяці Самарскай вобласці РФ пасля атакі беспілотнікаў пашкоджаныя прамысловыя аб’екты. Паводле даных OSINT-аналізу Astra, пад удар трапіў завод «Тальяцікаўчук», які выпускае ў тым ліку сінтэтычныя каўчукі, што выкарыстоўваюцца пры вытворчасці ракетнага паліва. Інфармацыя пра наступствы атакі ўдакладняецца.

Мэр Тальяці Ілья Сухіх паведаміў, што горад падвергся масіраванай атацы БПЛА. Паводле папярэдніх даных, загінулых і пацярпелых няма.

“Зафіксаваныя пашкоджанні прамысловых аб’ектаў. На месцах працуюць службы аператыўнага рэагавання”, – напісаў ён.

Вывучыўшы відэазапісы відавочцаў, Astra прыйшла да высновы, што на тэрыторыі завода «Тальяцікаўчук» па вуліцы Навазаводскай, 8 адбыўся пажар. Мясцовыя жыхары таксама паведамлялі пра магутныя выбухі, перакрыццё вуліцы і перабоі з электрычнасцю і вадой. Паводле іх паведамленняў, траплянне магло закрануць і размешчаную непадалёк Тальяцінскую ЦЭЦ, аднак гэтая інфармацыя не пацверджаная.

Завод «Тальяцікаўчук» уваходзіць у групу «Татнефть» з 2019 года. Прадпрыемства вырабляе сінтэтычныя каўчукі, манамеры, вуглевадародныя фракцыі і дабаўкі да аўтамабільнага бензіну. Сінтэтычныя каўчукі, якія яно выпускае, таксама прымяняюцца пры вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва для тактычных і балістычных ракет.

Паводле даных Мінабароны РФ, у ноч на 24 кастрычніка з 20:00 да 8:00 дзяжурныя сілы СПА перахапілі і знішчылі 616 украінскіх беспілотнікаў над расійскімі рэгіёнамі, акупаваным Крымам і акваторыямі Азоўскага і Чорнага мораў. Сярод тэрыторый, дзе заявілі пра знішчэнне БПЛА, была Самарская вобласць.

Паводле даных губернатара Растоўскай вобласці Юрыя Слюсара, у рэгіёне за ноч знішчылі і падавілі больш за 80 беспілотнікаў. У Растове-на-Доне абломкі пашкодзілі дах і вокны будынка тэхнічнага абслугоўвання прадпрыемства «Ростовпассажиртранс», а таксама 21 аўтобус. У Мяснікоўскім раёне была пашкоджаная трансфарматарная падстанцыя, з-за чаго без электрычнасці засталіся 172 прыватныя дамы. Пазней энергазабеспячэнне пачалі аднаўляць. У Мілераўскім раёне Растоўскай вобласці адзін мужчына пацярпеў пры падзенні абломкаў БПЛА. Яму аказалі медыцынскую дапамогу, ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

IMG_7295