Затрыманы экс-гендырэктар «Белнафтахім-Рос» — «Наша Ніва»

У Беларусі затрыманы былы генеральны дырэктар ТАА «Белнафтахім-Рос» Дзяніс Тумаш. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», яго затрымалі адразу пасля вяртання з адпачынку на Сейшэлах і змясцілі ў СІЗА КДБ.

Крымінальная справа вакол «Белнафтахіма» была пачатая ў канцы 2024 года, але афіцыйна пра яе не паведамляецца. Колькі ў справе фігурантаў і на якім этапе знаходзіцца працэс — невядома.

Адзін з цэнтральных фігурантаў — Тумаш, кіраўнік «Белнафтахім-Рос» — афіцыйнага пастаўшчыка прадукцыі «Белнафтахіма» ў Расію. Яшчэ адзін затрыманы па справе — Дзмітрый Хвайніцкі, начальнік упраўлення ацэнкі рызыкаў «Белнафтахіма».

Дзянісу Тумашу 44 гады. Ён скончыў МДЛУ і трапіў на працу ў Акадэмію навук, калі яе ўзначальваў Міхаіл Мясніковіч. Пасля таго як Мясніковіч быў прызначаны прэм’ер-міністрам, Тумаш перайшоў у апарат Савета міністраў. Суседзям па камеры ў СІЗА КДБ ён называў сябе былым памочнікам Мясніковіча. Жонка Тумаша працуе ў структурах ЕАЭС.

Тумаш узначальваў «Белнафтахім-Рос» з 2014 года па верасень 2024 года. Яго арыштавалі прыкладна ў гэты час за атрыманне хабару. Суседзям па камеры ён расказваў, што нейкі час жыў у Маямі, але пасля адмовіўся ад амерыканскага віду на жыхарства. Яго затрымалі на наступны дзень пасля вяртання з адпачынку на Сейшэльскіх астравах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!