Беларуская журналістка і праваабаронца Аліса Сармант увайшла ў лік пяці намінантаў на прэмію Пера Ангера за 2027 год. Яе кандыдатуру вылучыла шведская ЛГБТКІ-арганізацыя RFSL. Імя лаўрэата абвесцяць у сярэдзіне сакавіка, паведаміў шведскі Форум жывой гісторыі, які ўручае ўзнагароду.
Сармант заснавала TG House — першую ў Беларусі арганізацыю, якая спецыялізуецца на абароне правоў трансгендарных людзей. Яна дапамагае тым, хто сутыкнуўся з пераследам, атрымаць юрыдычную кансультацыю, знайсці псіхалагічную падтрымку і пры неабходнасці выехаць з краіны.
«Хоць яна сама была вымушаная пакінуць краіну, яна працягвае абараняць правы ЛГБТКІ-людзей», — гаворыцца ў паведамленні форуму.
Сярод намінантаў таксама палесцінскі фатограф і праваабаронца Ід аль-Хаталін, грузінская юрыстка Тамта Мікеладзэ і эфіопская арганізацыя Human Rights First Ethiopia. Яшчэ адна прэтэндэнтка больш за 20 гадоў абараняе правы жанчын і дзяўчынак з народа масаі на поўначы Танзаніі. Яе імя арганізатары не раскрываюць з меркаванняў бяспекі.
Прэмію Пера Ангера — міжнародную ўзнагароду ўрада Швецыі за абарону правоў чалавека і ўмацаванне дэмакратыі — уручаюць штогод з 2004 года. Лаўрэата выбірае незалежнае журы.
Нагадаем, адзіны беларус сярод лаўрэатаў прэміі Пера Ангера за 2004–2026 гады — Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён атрымаў прэмію ў 2006 годзе. Журы адзначыла яго бясстрашную барацьбу за правы звычайных людзей і супрацьдзеянне парушэнням правоў чалавека.