Замежныя самалёты сталі лётаць у беларускай паветранай прасторы на 30% часцей

Колькасць палётаў замежных самалётаў у паветранай прасторы Беларусі па выніках дзевяці месяцаў гэтага года павялічылася на 30%. Пра гэта паведамілі ў Мінтрансе, падводзячы вынікі працы галіны. Больш палётаў сталі здзяйсняць авіякампаніі Казахстана, Пакістана, Турцыі, Егіпта і Узбекістана.

У студзені-верасні па галіне ў цэлым пасажырапаток вырас на 14%, пасажыраабарот – на 37%, грузаабарот – на 60%.

Аэранавігацыйная служба аказвала паслугі 149 авіякампаніям з 34 дзяржаў, аб’ём паслуг павялічыўся практычна на 120%.

“Белавія” за дзевяць месяцаў нарасціла колькасць перавезеных пасажыраў на 14,7%, колькасць рэйсаў вырасла на 4,8%, а аб’ём перавезеных грузаў – у 2,5 раза.

Паветраны флот авіякампаніі налічвае 18 самалётаў: уведзены тры Airbus (далёкамагістральныя напрамкі) і тры Boeing 737-800.

Пасажырапаток у аэрапорце Мінска за той жа перыяд вырас на 7%. Магілёўскі філіял нарасціў пасажырапаток і самалётавылеты, Аршанскі – павялічыў апрацоўку грузаў больш чым на 7%.