Замежніка будуць судзіць за ДТЗ з таксі ў Мінску

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 25-гадовага замежніка. Ён абвінавачваецца ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса).

Паводле версіі абвінавачання, 22 ліпеня гэтага года, кіруючы аўтамабілем таксі BYD, мужчына на праспекце Жукава ў Мінску пры выбары хуткасці не ўлічыў інтэнсіўнасць руху, умовы надвор’я і дарожныя ўмовы, уключаючы дождж і мокры асфальт. Таксама ён адцягнуўся ад кіравання: перавёў позірк на дысплей мабільнага тэлефона, замацаванага на панэлі прыбораў аўтамабіля. У выніку BYD часткова перамясціўся з трэцяй паласы на другую, дзе сутыкнуўся з аўтобусам, які ехаў наперадзе.

У ДТЗ цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў пасажыр таксі.

Абвінавачаны застаецца пад вартай.

Фота: ГУУС Мінгарвыканкама