Закон аб геномнай рэгістрацыі збіраюцца прыняць у Беларусі

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз прапануе прыняць закон аб геномнай рэгістрацыі. У ім збіраюцца прапісаць, у якіх катэгорый грамадзян будуць браць геном у абавязковым парадку.

Законапраект знаходзіцца ў працэсе стварэння, паведамляе тэлеканал АНТ.

«Калі 5% насельніцтва стаіць у базе, тады відаць, гэта дае нейкі эфект. Вядома ж, пачынае яна працаваць ужо на поўную моц, калі 40% насельніцтва стаіць у гэтай базе. Па мне, вядома, у самую магутную структуру яна выліваецца – гэтая база – для раскрыцця злачынстваў, для іх прафілактыкі», — заявіў Юрый Аўсіюк, галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт ДКСЭ.

База ДНК дазволіць устанаўліваць злачынцаў па ДНК іх сваякоў.

«Экспертыза «дзіця-бацька» працуе як на мінулае, так і дае гарантыі на будучыню. Нашчадкам ужо не абавязкова самім быць у базе, знойдуць і па сваяцкай сувязі», — адзначае тэлеканал.

У прыклад прыводзіцца выпадак з забойствам дзяўчыны пад Мінскам. Забойца пакінуў геном, праваахоўнікі знайшлі падазраванага, але не змаглі даказаць яго датычнасць да злачынства. Праз некаторы час мужчына памёр, а яго цела крэміравалі. ДНК узялі ў яго памерлай маці, і яго датычнасць да злачынства была даказаная.

Нагадаем, праваабаронцы нядаўна паведамлялі, што ў сваякоў людзей, якія з’ехалі з Беларусі, збіраюць ДНК. Супрацоўнікі міліцыі заяўляюць, што гэта неабходна для фарміраванне базы даных ДНК, каб у выпадку неабходнасці людзей за мяжой «можна было апазнаць».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!