Зацверджаны новы статут Белтэлерадыёкампаніі

У Беларусі зацверджаны абноўлены статут Белтэлерадыёкампаніі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Статут актуалізаваны з улікам сучасных тэндэнцый развіцця інфармацыйнай сферы.

Указ накіраваны на ўдасканаленне функцый і вытворчых магчымасцей БТРК пры ажыццяўленні інфармацыйнай дзейнасці і развіцці новых медыйных фарматаў.

«Рэалізацыя дакумента дазволіць павысіць эфектыўнасць і аператыўнасць працы Белтэлерадыёкампаніі ў частцы стварэння і прасоўвання якаснага і разнажанравага нацыянальнага кантэнту», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

У абноўленай рэдакцыі першай мэтай дзейнасці Белтэлерадыёкампаніі пазначана «асвятленне дзейнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і толькі затым — «забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя».