«З трэскам, потым са свістам». Гомельцы паведамілі пра невядомы аб’ект у небе

Раніцай 20 лістапада жыхары Гомеля паведамілі пра гучны гук, як мяркуецца, звязаны з пралётам хуткаснага аб’екта над горадам. Гэта адбылося на фоне масіраванай расійскай паветранай атакі на Украіну, піша «Флагшток».

Паводле слоў відавочцаў, незвычайны гук быў чутны ў паўночна-ўсходняй частцы горада прыкладна з 07:25 да 07:50. Жыхары апісваюць яго як рэзкі трэск, які пераходзіць у свіст, і параўноўваюць з пралётам знішчальніка або запускам магутнага салюту.

«Быццам проста за акном знішчальнік праляцеў ці нешта накшталт гэтага з жахлівым гукам за пару секунд. Пачула гэты гук і як падскочыла, рукі дагэтуль трасуцца», – расказала адна з жыхарак.

Іншы відавочца паведаміў, што пачуў гук каля 07:25 каля гандлёвага цэнтра «Корона» на вуліцы Савецкай:

«Мяне аж сціснула, таму што гук быў з такім свістам, што быццам бы за ім нешта ідзе. Упершыню чую такое, звычайна таксама ніколі нічога нідзе не чую».

Яшчэ адна жыхарка расказала, што каля 07:40 ішла з дзіцем у школу па вуліцы Крупскай. Паводле яе слоў, ад нечаканага гуку яны прыгнуліся, паколькі ўзнікла адчуванне, што аб’ект “праляцеў недзе проста над галавой”.

«Таксама чула, з трэскам быў гук спачатку, потым са свістам паляцеў. Перапалохалася моцна», – гаворыцца ў іншым каментары.

Як адзначае «Флагшток», маніторынгавыя каналы наўпрост не паведамлялі пра пранікненне расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Беларусі падчас атакі. Аднак на відэа канала «Рында мониторит» пазначана меркаванае перасячэнне мяжы як мінімум двума дронамі каля 06:20. Згодна з апублікаванай схемай, яны рухаліся ў напрамку Гомеля.