Фото: facebook.com/profile.php?id=61557269376035
У польскім горадзе Бельска-Бяла 14-18 кастрычніка праходзіў чэмпіянат свету па каратэ сярод кадэтаў, юніёраў і моладзі (да 21 года). На спаборніцтвы па турыстычных візах прыбылі 11 грамадзян Беларусі і чацвёра грамадзян Расіі. Іх дэпартуюць за парушэнне правілаў знаходжання, піша bielsko.biala.pl.
Паводле слоў кіраўніка Польскага саюза каратэ Паўла Палтажэцкага, яшчэ да пачатку спаборніцтва арганізатары па розных каналах атрымлівалі інфармацыю, што расіяне і беларусы паспрабуюць прыняць удзел у мерапрыемстве, нягледзячы на забарону Міжнароднай федэрацыі каратэ і Міністэрства спорту Польшчы.
Першае затрыманне адбылося, калі расіянін з’явіўся на курсе для суддзяў. Пасля гэтага арганізатары папрасілі памежнікаў праверыць спартсменаў.
Памежнікі высветлілі, што 15 чалавек – 11 беларусаў і чацвёра расіян – уехалі ў Польшчу па турыстычных візах, што не адпавядала мэтам іх знаходжання.
Усе былі затрыманыя і атрымалі прадпісанне на працягу васьмі дзён пакінуць Польшчу.
Тым не менш беларускія спартсмены прынялі ўдзел у спаборніцтвах. Як паведамляе Міністэрства спорту Беларусі, Іван Кудзінаў заняў першае месца ў катэгорыі больш за 84 кг на чэмпіянаце свету U21.