Скриншот видео
З акупаваных Расіяй Алешак Херсонскай вобласці эвакуяваныя больш за 750 чалавек. Частка з іх паедзе ў Расію, частка — праз Беларусь ва Украіну.
Ахвочых эвакуявацца вывозяць на 25 аўтобусах. Калону суправаджалі 9 машын хуткай дапамогі і больш за 50 медыцынскіх работнікаў, паведаміла расійская ўпаўнаважаная па правах чалавека Яна Лантратава.
Некаторыя з мясцовых жыхароў вырашылі застацца ў Алешках. Ім пакінулі гуманітарную дапамогу, расказаў украінскі ўпаўнаважаны Дзмітрый Лубінец.
Ён адзначыў, што рэжым цішыні дагэтуль не парушаўся.
«Была дастаўлена вельмі вялікая партыя гуманітарнай дапамогі. Яна ўжо разгружана. Частцы грамадзян яе ўжо аддалі, частцы будуць аддаваць крыху пазней. Цяпер аказваецца дапамога тым, хто хоча выехаць. Ёсць асобныя аўтобусы для тых, хто хоча выехаць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, ёсць асобныя аўтобусы для тых, хто хоча выехаць ва Украіну. Усё максімальна падрыхтавана», — заявіў Лубінец.
Абодва ўпаўнаважаныя падзякавалі Меланіі Трамп за садзейнічанне.
Як раней паведамлялася, ахвочых выехаць ва Украіну даставяць на аўтобусах у Анапу, а затым на самалётах у Беларусь. З Беларусі эвакуяваныя жыхары Алешак змогуць выехаць ва Украіну.