Знішчаныя кнігі на складзе выдавецтва "Раніца" ў Харкаве, 3 жніўня 2026 года. Харкаў. Фота: Вікторыя Якіменка
Знішчэнне кніг у медыя і навуковым дыскурсе часта называюць кнігацыдам, бібліяцыдам або лібрыцыдам. Апошні тэрмін у 2003 годзе вылучыла амерыканская даследчыца Рэбека Кнут, вывучаючы знішчэнне кніг таталітарнымі рэжымамі ў XX стагоддзі. Даследчыца вызначае лібрыцыд як сістэмнае і санкцыянаванае дзяржавай знішчэнне кніг і бібліятэк з мэтай сцірання культурнай памяці і ідэнтычнасці пэўнай групы людзей.
Кнут прапануе пяць крытэрыяў лібрыцыду. Украінскае выданне Suspilne culture знайшло ўсе пяць рысаў лібрыцыду, які здзяйсняе Расія ва Украіне з 2014 года. Для Беларусі некаторыя крытэрыі таксама падышлі.
Паводле дадзеных украінскага ўрада, па стане на канец жніўня Расія знішчыла каля траціны кніг, выдадзеных ва Украіне за год. Ад кніжных складоў і лагістычных цэнтраў, друкарняў і паліграфічных комплексаў да кніжных кірмашоў: РФ сістэматычна паралізуе кожны з этапаў трапляння кнігі да чытачоў, – піша Suspilne culture.
Даследчыца Рэбека Кнут прапануе пяць крытэрыяў лібрыцыду:
Знішчэнне літаратуры ініцыюе ўлада, ваеннае камандаванне, акупацыйная адміністрацыя. Выключыць або ліквідаваць літаратуру загадваюць арміі, спецслужбам, адукацыйным і цэнзурным органам. Таксама ўлады фармуюць чорныя спісы, то-бок пералік забароненых аўтараў і кніг, якія падлягаюць татальнай канфіскацыі.
Яшчэ з 2014 года расіяне замянялі змесціва бібліятэк на акупаваных тэрыторыях. Нават у Кіеўскай вобласці, дзе акупацыя доўжылася крыху больш за месяц, яны паспелі разбурыць бібліятэкі і спаліць кнігі.
Напрыклад, у сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне выведкі паведамляла, што расейскія падраздзяленні «вайсковай паліцыі» на часова акупаваных тэрыторыях Луганскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей адбіраюць, а далей знішчаюць на месцы або вывозяць гістарычную і мастацкую літаратуру, а таксама выданні пра гісторыю вызваленчых рухаў.
Ідэалогію РФ часта апісваюць як «рашызм». Менавіта такі тэрмін у 2023 прызнала Вярхоўная Рада Украіны.
У медыя расійскую ідэалогію часта пазначаюць як «русский мир», гэтае паняцце ў шырокае ўжыванне ўвёў рускі філосаф Георгій Шчадравіцкі, а яго сын, паліттэхнолаг і філосаф Пётр, дафармуляваў ідэю. Яшчэ ў 2000 годзе ён пісаў, што «русский мир» – гэта мноства супольнасцяў, якія думаюць і гавораць па-руску. Прасцей кажучы, супольнасці, якія жывуць на тэрыторыях, дзе раней была імперыя і дзе жывуць рускамоўныя, Расія цяпер лічыць сваімі.
Лібрыцыд – прадказальнік або спадарожнік фізічнай і культурнай ізаляцыі мэтавай групы перад асіміляцыяй. Гэта значыць, са знішчэння кніг пачынаецца намер сцірання ўкраінскай ідэнтычнасці: адначасова з гэтым РФ прымусова ўкараняе расійскую школьную праграму, вывозіць украінскіх дзяцей, затрымлівае і забівае носьбітаў украінскай культуры.
Напрыклад, да ідэалагічнага перавыхавання дзяцей у данецкіх школах рыхтуюцца прыцягнуць 3700 педагогаў. На працягу 2026 года атэстацыю павінны прайсці 3500 педагогаў і яшчэ 200 кіраўнікоў і кандыдатаў на кіруючыя пасады на акупаванай Данеччыне. Да гэтага навучальнага года РФ ужо мае ўласны пералік літаратуры, які змяшчае прапагандысцкія кнігі пра вайну супраць Украіны.
Знішчэнне кніг не зʼяўляецца лакальным або выпадковым: расійскія ракетныя і дронавыя ўдары па большай частцы наносяцца па найбуйнейшым выдавецтвам, складах і друкарням. Адзін толькі ўдар двух «шахедаў» 1 жніўня па лагістычным цэнтры выдавецкай карпарацыі «Раніца», дзе таксама быў размеркавальны цэнтр сеткі кнігарняў «Кнігалэнд» і захоўвалася прадукцыя многіх выдавецтваў, выклікаў пажар, які доўжыўся тыдзень. Удар знішчыў 85% усіх запасаў выдавецтва. Пры гэтым была страчана частка падручнікаў: большасць паспелі развесці па рэгіянальных складах, але друк 20-25% затрымалі да кастрычніка. На аднаўленне карпарацыі можа сысці каля трох гадоў.
Спаленне кніг у Марыупалі, Ваўчанску або Мелітопалі ператвараюцца ў публічныя акцыі, у якія РФ прыцягвае настаўнікаў, моладзевыя арганізацыі, калабарантаў і расійскіх дзеячаў культуры.
Украінскія кнігі могуць проста выкідваць з вокнаў: у лютым 2023 года Марыупальскія гарадскі савет апублікаваў фота кніг, якія вырашылі «утылізаваць» з бібліятэчных фондаў Прыазоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У смеццевых пакетаў была нават класіка, у тым ліку кніга Лесі Украінкі.
Спаленне кніг нагадвае нацысцкі рытуал «ачысткі агнём»: у траўні 1933 году ў больш чым 20 універсітэцкіх гарадах спалілі дзясяткі тысяч кніг. Такія акцыі арганізавалі пранацысцкі настроеныя студэнты ўніверсітэтаў, а не нацысцкі ўрад Германіі, але ў мерапрыемствах прымалі ўдзел і чыноўнікі. Студэнты абвясцілі, што гэта кампанія супраць «смецця і бруду габрэйскага духу загнівання» ў літаратуры.
Расія прадстаўляе знішчэнне ўкраінскіх кніг як «ідэалагічную гігіену» і «неабходную меру бяспекі». Для апраўдання лібрыцыда ёй трэба інфармацыйнае алібі – і яна фармуе яго з дапамогай наратываў, больш ці менш відавочных. Напрыклад, абясцэньвання. Пасля маштабнага ўдару 1 жніўня адзін з рэсурсаў у Telegram з больш чым 52 тысячамі падпісчыкаў напісаў, што ўкраінскія кнігі «аднак ніхто не чытае», і назваў іх «прапагандысцкім хламам».
З пяці пунктаў акрэслення лібрыцыду большасць можна зафіксаваць у Беларусі.
Пункт першы: знішчэнне літаратуры ініцыюе ўлада, выключыць або ліквідаваць літаратуру загадваюць спецслужбам, адукацыйным і цэнзурным органам.
Беларускія ўлады фармуюць спісы з пералікам забароненых аўтараў і кніг, якія падлягаюць татальнай канфіскацыі. Кнігі прыбіраюць з продажу, закрываюць да іх доступ у бібліятэках, у тым ліку навуковых. Для дзяржаўных і навуковых устаноў распрацоўваюцца спецыяльныя інструкцыі па выяўленні, выключэнні і фізічным знішчэнні (утылізацыі) такой літаратуры. Забароненыя кнігі ў Беларусі закопваюць, перапрацоўваюць або хаваюць у закрытых фондах.
Пункт другі: агрэсіўная таталітарная або імперская ідэалогія. Нядаўна зʼявілася навіна, што Беларускі саюз архітэктараў кліча спецыялістаў і студэнтаў на майстар-клас маскоўскага горадабудаўніка Аляксея Комава, які стаў кансультантам праекта па развіцці гістарычных мястэчак Беларусі. Комаў – ідэолаг імперскай манументальнай прапаганды, ініцыятар «Маякоў Рускага свету» – сеткі манументальных аб’ектаў, стэл і абеліскаў, якія куратары называюць «культурнымі рэтранслятарамі» для візуальнай маркіроўкі захопленых украінскіх тэрыторый. І яшчэ адна зусім свежая навіна: госцем аднаго з нядаўніх стрымаў прапагандыста Азаронка стаў старшыня камісіі парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі Мікалай Бурляеў, які адмовіў беларускаму народу ў праве на існаванне: «Нехта хоча даказаць, што гэта асаблівы народ, што яны іншыя. Не, гэта ўсё святая Русь!».
Пытанне тут у тым, ці гэта беларускі рэжым змагаецца з іншадумствам праз знішчэнне кніг ці ўжо адбываецца рэалізацыя наступнага этапу лібрыцыду – «культурная ізаляцыя мэтавай групы перад акупацыяй».
У спіс «Эстрэмісцкіх матэрыялаў» часта трапляюць кнігі перыяду 1991–2025 гадоў тых аўтараў, якія гавораць пра беларускую мову, памяць, годнасць, палітычную і маральную альтэрнатыву. «Тут імёны, якія фармуюць беларускі наратыў апошніх дзесяцігоддзяў і таму трапляюць пад забарону», – адзначае Беларускі ПЭН.
«Са знішчэння кніг пачынаецца намер сцірання ўкраінскай ідэнтычнасці: адначасова з гэтым РФ прымусова ўкараняе расейскую школьную праграму, вывозіць украінскіх дзяцей, затрымлівае і забівае носьбітаў украінскай культуры», – піша ўкраінскае выданне. У Беларусі затрымліваюць носьбітаў беларускай культуры, прымаюць сумесныя з Расіяй адукацыйныя праграмы, уводзяць квоты для беларускіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах. За апошнія гады ўлады ліквідавалі ўсе буйныя незалежныя беларускія выдавецтвы.
Наступная рыса лібрыцыду – маштабнасць і сістэмнасць. Можна заўважыць, што спісы экстрэмісцкай літаратуры абнаўляюцца рэгулярна – і гэта можна сведчыць пра сістэмнасць. Што да маштабнасці, спіс кніг сягае некалькіх сотняў, і гэта, канешне, не можа параўнацца з колькасцю знішчаных украінскіх кніг падчас масіраваных абстрэлаў.
Дакладная лічба кніг у «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» пастаянна павялічваецца, паколькі беларускія суды рэгулярна прымаюць новыя рашэнні, аднак, паводле звестак праваабаронцаў і Беларускага ПЭНа, агульная колькасць цалкам забароненых друкаваных кніг і выданняў у Беларусі складае больш за 390.
Аднак ёсць дадатковы спіс друкаваных выданняў, распаўсюджванне якіх «здольнае прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам». Гэты спіс існуе асобна ад «экстрэмісцкага», і ў ім знаходзіцца 271 кніга (уключаючы папулярную мастацкую літаратуру, раманы і нават дзіцячыя кнігі). Гэтыя кнігі забаронена прадаваць і распаўсюджваць у краіне.
Таксама існуюць пералікі аўтараў і кніг, якія не апублікаваныя афіцыйна, але даводзяцца да ведама бібліятэк і кнігарань праз унутраныя распараджэнні ідэолагаў. Пад такую забарону патрапілі творы больш як 320 аўтараў і аўтарак.
Апошняя рыса лібрыцыду – «калектыўны саўдзел (прыцягненне насельніцтва), каб падзяліць адказнасць за патэнцыйнае злачынства», – здаецца, пакуль у Беларусі не назіраецца. Мы не ведаем, колькі кніг было выратавана бібліятэчнымі энтузіястамі, і да публічных спаленняў кнігаў жыхарамі на плошчах яшчэ не дайшло. І, відавочна, не дойдзе.
Такім чынам, можна адзначыць, што ў Беларусі назіраюцца працэсы, якія можна акрэсліць як мяккі ці гібрыдны лібрыцыд.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram