WSJ: ЗША спрабуюць наладзіць пастаўкі расійскага газу праз Украіну

ЗША спрабуюць арганізаваць пастаўкі расійскага газу праз Украіну. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх, еўрапейскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў. Ідэя прасоўваецца ў рамках перамоў аб энергетычным перамір’і паміж РФ і Украінай.

Яна была вылучана спецпасланнікамі прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткафам у верасні падчас паездак у Маскву і Кіеў. Яна прадугледжвае продаж газу праз амерыканскага пасярэдніка, што дазволіць абысці санкцыі ЕС. Трэба адзначыць, што ў Еўрасаюзе ўжо прынята рашэнне адмовіцца ад паставак расійскага газу на працягу 2027 года.

Як піша выданне, амерыканскія перамоўшчыкі лічаць, што вяртанне Расіі на еўрапейскі рынак прыроднага газу стала б магутным стымулам для прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пагадзіцца на энергетычнае перамір’е. У той жа час Украіна магла б атрымаць даходы ад транзіту.

Кушнер і Уіткаф прапаноўвалі пералічваць выручку ад продажу газу ў Еўропу на эскроу-рахунак у юрысдыкцыі трэцяга боку, каб Крэмль не выкарыстоўваў гэтыя грошы для фінансавання вайны.

Паводле інфармацыі выдання, у адміністрацыі Трампа разлічваюць, што еўрапейскі супраціў будзе менш жорсткім, чым здаецца на першы погляд. Аднак каментарыі еўрапейскіх чыноўнікаў, атрыманыя WSJ, сведчаць аб непрыманні ідэі купляць расійскі газ, у той жа час у ЕС зацікаўлены ў рашэннях, якія дазволяць знізіць цэны на газ.

У цяперашні ацяпляльны сезон Еўрасаюз уступае з найменшым узроўнем запоўненасці газавых сховішчаў за апошнія гады. Ён складае каля 75%.