Выправаджанаму з Беларусі праваабаронцу Лабковічу забаранілі выезд з краіны

Праваабаронцу «Вясны» Уладзіміру Лабковічу, якога ў снежні 2025 года прымусова выправадзілі з Беларусі, забаранілі выезд з краіны. Адпаведныя дакументы ён атрымаў па месцы рэгістрацыі ў Мінску. У якасці падставы пазначаная нявыплата штрафу па «справе Вясны», паведамілі ў праваабарончым цэнтры.

У сакавіку 2023 года Лабковіча прыгаварылі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 3 тысячы базавых велічынь, або 111 тысяч рублёў. Пазней праваабаронца быў памілаваны. 13 снежня 2025 года Лабковіча прымусова выправадзілі ва Украіну. Пры гэтым яму не вярнулі пашпарт, выдаўшы замест яго даведку без тэрміну дзеяння. У красавіку 2026 года стала вядома, што яго пашпарт, які дзейнічаў да 2027 года, анулявалі.

У красавіку Лабковіч таксама атрымаў у Instagram паведамленне, у якім яму прапанавалі «магчымасць выдатнага варыянту бесперашкоднага ўезду і выезду ў Беларусь» у абмен на прадастаўленне інфармацыі.

Праз два месяцы ў кватэры праваабаронцы ў Мінску прайшоў ператрус у рамках новай крымінальнай справы, распачатай з-за яго дзейнасці пасля вызвалення. Меркавана, справа ў тым ліку звязаная з удзелам Лабковіча ў мітынгу ў Вільнюсе, прысвечаным Дню волі.

Уладзімір Лабковіч — юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У 2023 годзе Уладзіміра Лабковіча прыгаварылі да 7 гадоў калоніі па справе «Вясны». Праваабаронцаў прызналі вінаватымі ў кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 13 снежня мінулага года ён быў вызвалены і прымусова вывезены з Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!