Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла бясплатны доступ да новага рамана Альгерда Бахарэвіча для акаўнтаў Google, зарэгістраваных у Беларусі

Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла бясплатны доступ на e-book новага рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» для ўсіх акаўнтаў Google, зарэгістраваных у Беларусі, на бліжэйшыя тры дні.

Для гэтага не патрабуецца ніякіх банкаўскіх транзакцый. Рэкамендуюць стварыць часовы акаўнт Google для спампавання кнігі, каб вы заўсёды маглі яго цалкам выдаліць. Бо важна памятаць, што нават нулявая (бясплатная) пакупка застанецца ў вашай гісторыі заказаў, яе адтуль выдаліць немагчыма.

Афіцыйны старт продажаў новага рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» адбыўся 28 жніўня.

«Галоўныя героі рамана, сямейная пара беларусаў з Берліна, нечакана даведваецца пра запуск у Беларусі спецыяльнай дзяржаўнай Праграмы. На месца людзей, якія выехалі з краіны і не могуць вярнуцца, перасяляюць жыхароў расійскай «глыбінкі», – паведамляе анатацыя. – Не проста перасяляюць, а прысвойваюць ідэнтычнасць з’ехалых — надаюць тыя ж імёны і прозвішчы, пашпарты, уладкоўваюць на папярэднія рабочыя месцы, засяляюць у кватэры былых насельнікаў. Што з гэтага выйдзе?».

На нейкім палітычным узроўні «Падземныя пераходы» — раман пра расейцаў, якімі замяняюць беларусаў, – тлумачыў Альгерд Бахарэвіч у інтэрв’ю «Люстэрку». Але аўтару не цікавыя прымітыўныя наратывы: «Я пішу найперш пра памяць і пра час, пра віну і апраўданне, я пішу пра тое, чаму нам так важна быць сабой, пра тое, чаму нам так важнае нашае мінулае, чаму так важна захаваць сваё імя і сваю біяграфію, пражыць самому тое, што ніхто іншы за нас не пражыве. Я пішу пра падземныя пераходы паміж жыццямі, паміж мінулым і будучым, гарадамі, мовамі, гісторыямі, паміж смерцю і жыццём, паміж людзьмі, якія ніколі б не сустрэліся, калі б не вялікая гісторыя».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!