Выбары ў Ізраілі: арабскі рэкорд, палітычны крызіс і расследаванне ШАБАК

Выбары ў Кнесет 26-га склікання ў Ізраілі – першая маштабная палітычная кампанія ў краіне, якая адбылася пасля нападу баевікоў ХАМАС у кастрычніку 2023 года, наступных за гэтым аперацый ЦАХАЛ у Сектары Газа, у Ліване і сумесных баявых дзеянняў Вашынгтона і Тэль-Авіва супраць Ірана. Гэтыя падзеі палярызавалі грамадства, а вынікам выбараў можа стаць маштабны палітычны крызіс.

Выбары суправаджаліся актыўнасцю грамадства і рэкорднай яўкай – паводле даных Цэнтральнай выбарчай камісіі, на іх прагаласавалі амаль 5,7 мільёна чалавек з 7 331 981 выбаршчыка, якія маюць права голасу. Гэта самы высокі паказчык з 1999 года. Галасаваць дыстанцыйна можна толькі ў выключных выпадках, таму многія грамадзяне Ізраіля спецыяльна прыехалі дзеля гэтага на радзіму, а мясцовыя гатэлі з цяжкасцю спраўляліся з наплывам пастаяльцаў.

Тупік як вынік?

Па стане на 16.00 29 кастрычніка было апрацавана 5 613 156 бюлетэняў. Лідзіруе партыя «Лікуд» («Адзінства») цяперашняга прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, якая заручылася падтрымкай 20.52% выбаршчыкаў. Пры гэтым, паводле папярэдніх вынікаў, якія ўжо наўрад ці зведаюць істотныя змены пасля падліку астатніх бюлетэняў, блок кааліцыі Нетаньяху атрымлівае 53 мандаты – на 11 менш, чым у яго было ў парламенце папярэдняга склікання. Зрэшты, папярэднія апытанні давалі блоку прэм’ера яшчэ больш жаласны вынік.

У выбарчы блок Нетаньяху, акрамя «Лікуд», уваходзяць ультраправая «Ацма Егудзіт» («Яўрэйская сіла»), правая нацыянальна-рэлігійная «Цыянут а-Датыт ве-Зеут» («Рэлігійны сіянізм і Ідэнтычнасць»), ультрарэлігійная ШАС (акронім ад Шомрэй Тора сфарадзім, што перакладаецца як «Сефарды — захавальнікі Торы») і ультраартадаксальная «Яхадут а-Тора» («Іўдаізм Торы»).

Гэтыя партыі выступаюць за працяг курсу ўрада Нетаньяху. У тым ліку – за жорсткую палітыку ў дачыненні да Сектара Газа, Заходняга берага ракі Іардан і за працяг вайны з Іранам.

На другім месцы партыя «Яшар» («Наперад!) ключавога саперніка Нетаньяху, экс-начальніка генштаба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) Гадзі Айзенкота, якая атрымала 16.07% галасоў. Яго выбарчы блок, які ўключае, акрамя «Яшар», цэнтрысцкую «Бэяхад» («Разам»), правую НДІ («Наш дом Ізраіль») і сацыял-дэмакратычную «Ха-Дэмакратым» («Дэмакраты»), крыху адстае, атрымліваючы ў Кнесеце каля 48 месцаў.

Партыі, якія ўваходзяць у гэты блок, лічаць неабходным аднавіць рэпутацыю Ізраіля на міжнароднай арэне і выступаюць за дыялог з арабскімі дзяржавамі, якія ў ім зацікаўленыя. Айзенкот і яго саюзнікі абяцаюць спыніць гвалт з боку пасяленцаў і прытрымлівацца мірнага плана Трампа па Газе. Пры гэтым Айзенкот выключыў магчымасць стварэння палесцінскай дзяржавы і паабяцаў дэмантаваць праўленне ХАМАС на працягу 18 месяцаў. Так, ён нагадаў выбаршчыкам, што страціў сына і двух пляменнікаў падчас аперацый супраць ХАМАС у Газе, заявіўшы: «У дзяржаве Ізраіль няма нікога, хто хацеў бы іх знішчыць больш, чым я».

Акрамя таго, блок Айзенкота патрабуе расследавання кастрычніцкага нападу ў 2023 годзе. І гэта можа пацягнуць за сабой пэўныя рызыкі для Нетаньяху – прэм’ер сутыкнуўся з абвінавачаннямі ў тым, што ён, нібыта, праігнараваў загадзя атрыманыя папярэджанні ўладаў Егіпта і ААЭ аб падрыхтоўцы атакі ХАМАС.

Для фарміравання парламенцкай большасці ў Кнесеце неабходна 61 месца. Але ніводзін з двух асноўных палітычных блокаў такой колькасцю дэпутацкіх мандатаў не валодае.

Акрамя таго, рэкордныя 19 месцаў па выніках выбараў атрымліваюць арабскія партыі «Аб’яднаны спіс» і «РААМ», якія атрымалі 8,85% і 5,94% галасоў. Пры гэтым «РААМ» пад другім нумарам уключыла ў свой выбарчы спіс адстаўнога генерал-маёра паліцыі Ізраіля, этнічнага яўрэя Ёава Сегаловіча. Што, на думку некаторых назіральнікаў, можа сведчыць пра гатоўнасць гэтай палітычнай сілы ўвайсці ў кааліцыю з цэнтрыстамі. Гэта дасягненне арабскіх партый здольнае паўплываць на расклад сіл у новым Кнесеце.

І ўсё ж найбольш верагодным вынікам ізраільскіх парламенцкіх выбараў акажацца палітычны тупік.

Кааліцыя, урад меншасці або адзінства

Тэарэтычна забяспечыць сабе парламенцкую большасць апазіцыйныя Нетаньяху палітычныя сілы могуць, уступіўшы ў кааліцыю з арабскімі «РААМ» і «Аб’яднаным спісам». Айзенкот супрацоўніцтва з імі дапусціў толькі пры пэўных умовах: яны павінны прызнаць Ізраіль яўрэйскай дзяржавай, а рух ХАМАС — экстрэмісцкай групоўкай. У той жа час некаторыя лідары палітычных партый, якія ўваходзяць у яго выбарчы блок, выказаліся супраць фарміравання такой кааліцыі. Аднак, адзначае Politico, яны яшчэ могуць змяніць сваё меркаванне, калі гэта акажацца неабходным для адхілення Нетаньяху.

З вялікай доляй верагоднасці працэс фарміравання кіроўнай кааліцыі акажацца вельмі няпростым і можа запатрабаваць нямала часу. Пры гэтым часавы лаг на руку, хутчэй, Нетаньяху, паколькі дае шанец паспрабаваць схіліць на свой бок кагосьці з апазіцыі.

Але і тут магчымыя варыянты – The Jerusalem Post, спасылаючыся на ізраільскі «13 канал», піша, што шэраг прадстаўнікоў партыі «Яхадут ха-Тора», якая ўваходзіць у блок Нетаньяху, гатовыя да супрацоўніцтва з Айзенкотам на фоне «глыбокага недаверу да дзейнага прэм’ера». Так што выключаць з’яўлення «палітычных перабежчыкаў» не варта выключаць з абодвух бакоў.

Яшчэ адзін варыянт для Айзенкота і яго саюзнікаў – сфармаваць урад меншасці, абапіраючыся на падтрымку арабскіх партый, не заключаючы пры гэтым з імі кааліцыйных пагадненняў. Але такі ўрад, адзначае Axios, можа хутка ўпасці, вынікам чаго стане перамога Нетаньяху на наступных выбарах.

Кааліцыя арабскіх партый з правымі і артадоксамі з блока Нетаньяху выглядае нерэалістычным сцэнарыем. Палітык ужо перасцярог ад фарміравання «небяспечнага ўрада», у які могуць увайсці арабскія партыі.

Яшчэ адным выхадам з няпростай сітуацыі магло б стаць стварэнне ўрада нацыянальнага адзінства. Як паведамляе The Washington Post, Нетаньяху, нібыта, абмяркоўваў гэтую ідэю з Белым домам. Але з такім варыянтам не згодны Айзенкот.

Вынікі выбараў, на думку Axios, могуць прывесці да таго, што Нетаньяху, верагодна, застанецца на пасадзе выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра, узначальваючы выканаўчую ўладу, у той час як апазіцыя на чале з Айзенкотам будзе кантраляваць Кнесет.

«Для самога Нетаньяху захаванне пасады выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра да правядзення новых выбараў можа быць найлепшым варыянтам. Гэта дазволіць яму валодаць практычна поўнымі паўнамоцтвамі ў сферы нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі, а таксама працягнуць курс на актыўнае супрацьстаянне з Іранам», – піша выданне.

Магчымасці падобнага развіцця падзей не выключае і Гадзі Айзенкот. У сваім выступленні неўзабаве пасля заканчэння галасавання палітык намякнуў на верагоднасць таго, што прэм’ер-міністр можа распачаць ваенныя дзеянні яшчэ да фарміравання новага ўрада.

«Нетаньяху: не смейце выкарыстоўваць бяспеку Ізраіля ў сваіх палітычных мэтах», — заявіў ён. Айзенкот падкрэсліў, што камандаванне ЦАХАЛ, а таксама кіраўнікі службаў бяспекі і разведкі павінны памятаць: у дадзены момант Нетаньяху ўзначальвае пераходны ўрад.

Сёння агенцтва АР, услед за The Wall Street Journal, таксама атрымала інфармацыю пра тое, што ЗША заклікалі сваіх блізкаўсходніх саюзнікаў рыхтавацца да новага раўнда ўдараў па Іране адразу пасля прызначаных на 3 лістапада прамежкавых выбараў.

Пасля таго як ужо на наступным тыдні новы склад Кнесета прыме прысягу, апазіцыя, хутчэй за ўсё, зойме ключавыя пасады ў парламенце. Гэта дасць Айзенкоту і яго саюзнікам магчымасць прызначыць спікера, кантраляваць заканадаўчы парадак дня і прымаць законы, па якіх у іх не будзе супярэчнасцяў з тымі ж арабскімі партыямі — напрыклад, аб стварэнні дзяржаўнай следчай камісіі для расследавання падзей 7 кастрычніка.

Страсці разгараюцца

У сераду, 28 кастрычніка, партыя прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху «Лікуд» заявіла, што «выбары ў Ізраілі былі скрадзеныя». Сцвярджаецца, што Катар фінансаваў павышэнне яўкі грамадзян Ізраіля арабскага паходжання, што і забяспечыла высокія вынікі партый «РААМ» і «Аб’яднаны спіс». А міністр нацыянальнай бяспекі ва ўрадзе Нетаньяху і лідар ізраільскай партыі «Ацма Ехудзіт» Ітамар Бен-Гвір заклікаў арыштаваць лідараў арабскіх партый. Катар умяшанне адмаўляе, называючы абвінавачанні «смешнымі і небяспечнымі».

Пасля дырэктывы, выдадзенай старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі суддзёй Ноамам Сольбергам, служба бяспекі Ізраіля ШАБАК пачала расследаванне, спаслаўшыся на «сур’ёзныя падазрэнні … адносна неналежнага ўплыву праз замежнае фінансаванне з боку арганізацый, якія дзейнічаюць супраць ізраільскіх інтарэсаў падчас выбараў», – піша The Jerusalem Post. Расследаванне плануецца завяршыць у найбліжэйшыя дні.

У сваю чаргу Гадзі Айзенкот абвінаваціў Нетаньяху і яго саюзнікаў у выкарыстанні абвінавачанняў у замежным умяшанні ў выбары для маніпулявання грамадскай думкай, затрымкі публікацыі вынікаў і спробы паставіць пад сумненне легітымнасць новага Кнесета.

Пры гэтым крыніца The Jerusalem Post у ЦВК заявіла, што, нягледзячы на расследаванне, якое працягваецца, вынікі выбараў будуць зацверджаныя, і гэта не перашкодзіць прэзідэнту Іцхаку Герцагу даручыць аднаму з партыйных лідараў фарміраванне кааліцыі.

Так што ставіць кропку ў выбарах у Кнесет-2026 яшчэ рана. У адрозненне ад беларускіх выбарчых кампаній, вынік якіх загадзя прадказальны, падзеі ў Ізраілі яшчэ могуць прыняць самы нечаканы абарот. Канчатковыя ж вынікі галасавання ЦВК абяцае падвесці ў найбліжэйшыя гадзіны.

Калі ж палітычны крызіс не будзе пераадолены, новыя парламенцкія выбары ў Ізраілі могуць быць прызначаныя ўжо на красавік будучага года. Зрэшты, да падобных сюжэтаў Ізраілю не прывыкаць – у перыяд з красавіка 2019 года па лістапад 2022 года з-за аналагічнага палітычнага крызісу ў краіне прайшлі цэлых пяць выбарчых кампаній.

Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news