Восеньскае фота з садка за 27 рублёў? Мінчанка прапануе згенерыраваць яго бясплатна, але ідэя падабаецца не ўсім

Мінчанка адмовілася плаціць 27 рублёў за фота сваёй 6-гадовай дачкі ў садку, згенерыравала яго з дапамогай нейрасеткі і прапанавала промпт усім ахвотным. Пад постам у Threads – больш за 100 каментароў, але не ўсім ідэя прыйшлася даспадобы.

«У садку зусім абалдзелі з фотасесіямі. 27 byn за 2 фота, а робяць праз нейронку потым гэтак жа, паходу. Бясплатна зрабіла — 0 р.», — напісала this.is.dasha7 і прыклала да ўзору працы дзіцячага фатографа здымак сваёй дачкі ў такім жа антуражы, згенерыраваны нейрасеткай. Тое, што трусоў і гарбузы вакол дзяцей фатограф дамалёўваў з дапамогай нейронкі, было толькі здагадкай.

Генерацыя таксама аказалася неідэальнай: людзі заўважылі, што на назе ў дзяўчынкі ўсяго чатыры пальцы.

Але дзясяткі каментатараў папрасілі промпт, каб зрабіць такія восеньскія кадры са сваімі дзецьмі.

Аднак найбольш папулярнай аказалася крытыка. «Праз некалькі гадоў гэта будуць не рэальныя моманты дзіцяці з жывымі эмоцыямі, а падробка, пустышка. Лепш адно сапраўднае фота ўзяць, чым накляпаць 100 ШІ», – напісала _julisanka_

За фатографаў таксама заступіліся: аказалася, у многіх садках фотазону арганізуюць па-сапраўднаму, прыбіраюць дзяцей і даюць ім жывога труса.

«10 рублёў 1 фота ў электронным варыянце. Усё сапраўднае без ші. Толькі фон з дошак быў на палатне», – піша alina_ultras

«Да нас у сад рэальна прывезлі жывога труса, адзенне і лавачку з гарбузамі) Так, ззаду яны паставілі фон, але дзеці ўжывую сядзелі для фота ў зоне)) майму спадабалася))», – піша ya_yacina, якая аддала 32 рублі за чатыры здымкі.

«Трус жывы, дзеці былі ў захапленні», – піша lera220219, якая аддала 37 рублёў за тры фота на «дзіўнай фотапаперы».

«Да нас у садок прыязджалі з трусам, відаць эмоцыі майго дзіцяці і як ён шчаслівы, хоць і 27 руб, мне не шкада», – піша victoria.kravchenkoo

 

«Я заўсёды бяру гэтыя крынж-фота з садка… ёсць у гэтым нешта душэўнае», – піша iryna_paulava

Пры гэтым цэны называліся розныя: ад 10 рублёў за асобнік у электронным фармаце да 40 за тры адбіткі.