Восем чалавек загінулі ў выніку расійскіх атак на Чарнігаўскую вобласць

У выніку расійскіх удараў па Чарнігаўскай вобласці 27 лістапада загінулі 8 чалавек, яшчэ 10 пацярпелі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чаус.

У Нежыне пасля поўначы завяршыліся аварыйна-выратавальныя работы на месцы расійскага ўдару па прадпрыемстве. У выніку атакі загінулі 7 чалавек, яшчэ 7 атрымалі траўмы.

На працягу ўчарашняга дня і ночы ратавальнікі разбіралі завалы і шукалі людзей. Работы даводзілася прыпыняць праз пагрозу паўторных удараў. Аднаго чалавека ўдалося выратаваць з-пад завалаў.

Паводле звестак Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, да ліквідацыі наступстваў атакі прыцягнулі 55 ратавальнікаў, у тым ліку двух кінолагаў са службовымі сабакамі, і 14 адзінак тэхнікі.

Раніцай 27 лістапада расійскія войскі таксама атакавалі беспілотнікамі прадпрыемства ў Чарнігаве. У выніку ўдару ўзнік пажар, які ліквідавалі ратавальнікі. Загінуў 46-гадовы мужчына, за жыццё якога змагаліся медыкі. Яшчэ тры чалавекі пацярпелі, усе яны знаходзяцца на амбулаторным лячэнні.

У Сямёнаўцы ў выніку атакі FPV-дрона на сельскагаспадарчае прадпрыемства пашкоджаны аўтамабіль.

Раніцай 28 лістапада расійскія войскі атакавалі Каракоўку. Паводле слоў Чауса, два ўдары прыйшліся па лясной гаспадарцы і адным з прадпрыемстваў горада.

Фота: t.me/chernigivskaODA
Фота: t.me/chernigivskaODA
Фота: t.me/chernigivskaODA
Фота: t.me/chernigivskaODA
Фота: t.me/chernigivskaODA
Фота: t.me/chernigivskaODA