Су-34. Иллюстративное фото: Википедия
У ноч на 15 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар па ваенным аэрадроме Барысаглебск у Варонежскай вобласці Расіі. Паводле даных Ваенна-марскіх сіл УСУ, паражаныя шэсць бамбардзіроўшчыкаў Су-34М.
Як паведамілі ВМС Украіны, удар быў нанесены берагавым ракетным комплексам «Нептун».
У паведамленні таксама гаворыцца аб знішчэнні тэхнічнага абсталявання для забеспячэння палётаў. На тэрыторыі аэрадрома, паводле даных украінскага боку, зафіксаваныя паўторныя дэтанацыі і пажар. Інфармацыя аб наступствах удару ўдакладняецца.
Ступень пашкоджання самалётаў не раскрываецца: ВМС заяўляюць аб іх паражэнні, а не аб знішчэнні.
Ва ўкраінскім ведамстве адзначаюць, што Су-34М могуць несці кіраваныя і фугасныя авіябомбы, а таксама ракеты розных тыпаў. Расійская авіяцыя выкарыстоўвае гэтыя самалёты для ўдараў кіраванымі авіябомбамі па пазіцыях украінскіх сіл і прыфрантавых населеных пунктах.